Прэзідэнт: Дысцыпліна і гаспадарскі падыход ва ўсім

29 июля 2016

Дысцыпліна і гаспадарскі падыход ва ўсім. Гэтая задача сёння прагучала чарговы раз падчас рабочай паездкі Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі па Мінскай вобласці.

У Лагойскім раёне Кіраўнік дзяржавы наведаў гаспадарку "Цнянскія экапрадукты". На яе прыкладзе Прэзідэнт азнаёміўся з развіццём фермерства ў краіне. У 2015 годзе гэтай прыватнай гаспадарцы былі перададзеныя акцыі адсталага ААТ "Косіна". Па ўмовах інвестдагавора, быў пабудаваны завод па перапрацоўцы рапсу - былі створаныя новыя рабочыя месцы. Акрамя таго, рэканструявана малочна-таварная ферма і пачата ўзвядзенне яшчэ адной - на тысячу галоў. Гаспадарка "Цнянскія экапрадукты" спецыялізуецца на вырошчванні бульбы і збожжавых. Тут выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі захоўвання і перапрацоўкі бульбы, што дазваляе ўпэўнена рэалізоўваць прадукцыю на ўнутраным і знешнім рынках. Працуе прадпрыемства паспяхова, з рэнтабельнасцю продажаў больш чым 45 працэнтаў. Але з перадачай адсталых гаспадарак фермерам Прэзідэнт заклікае не спяшацца. Галоўнае - каб потым гэтыя землі выкарыстоўваліся эфектыўна. А працаваць па-гаспадарску атрымліваецца не ва ўсіх.

Фермерства ў Беларусі будуць падтрымліваць і ў далейшым. Галоўнае, як адзначыў Прэзідэнт, - гэта наяўнасць разумнага кіраўніка, які арганізуе працоўны працэс і тэхналагічную дысцыпліну на належным узроўні. На палях гаспадаркі "Цнянскія экапрадукты" Кіраўніку дзяржавы таксама прадэманстравалі новыя перспектыўныя ўзоры тэхнікі. Напрыклад, прычэп для падборкі і транспарціроўкі цюкоў замяняе працу пяці механізатараў. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся і з ходам уборачнай кампаніі. Нашы аграрыі ўжо пераадолелі 2-мільённы рубеж. Нягледзячы на капрызы надвор'я, сёлета ўраджайнасць вышэйшая за леташнюю.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з працэсам перапрацоўкі прадукцыі. У цэлым убачаным у гаспадарцы Прэзідэнт застаўся задаволены. Ва ўсім адзначаны гаспадарскі падыход. У будучыні Аляксандр Лукашэнка накіроўвае фермераў на стварэнне аграхолдынгаў. Падрабязнасці рабочай паездкі Прэзідэнта ў нашых наступных выпусках.