Аўтары найбольш значных дасягненняў пяцігоддзя ўдастоены дзяржаўных узнагарод

2 декабря 2016

Яны развіваюць аграбізнес, ратуюць сотні жыццяў і адкрываюць  таленты. Урачы, аграрыі, будаўнікі, вайскоўцы, педагогі, людзі мастацтва… Аўтары найбольш значных дасягненняў пяцігоддзя сёння ўдастоеныя дзяржаўных узнагарод. Цырымонія іх уручэння з рук Кіраўніка дзяржавы сёння прайшла ў Палацы Незалежнасці.  Самую шматлікую групу сярод узнагароджаных склалі прадстаўнікі сілавых структур - менавіта на іх плячах абараназдольнасць, а значыць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі.  Усіх  прысутных   Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за прафесіяналізм. Пасля цырымоніі  зносіны прадоўжыліся  ў нефармальнай атмасферы.

З падрабязнасцямі цёплай сустрэчы -  Ілона Красуцкая. Гэты тыдзень у рабочым графіку Прэзідэнта прайшоў пад знакам беларуска-азербайджанскіх адносін. Спачатку двухдзённы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Баку, а пасля тут,  у Палацы Незалежнасці,   развітальная сустрэча з паслом Азербайджана па выпадку завяршэння дыпмісіі. Кранальныя інтанацыі  дадае і гэтая пятніца. Адна з самых прыемных місій на пасадзе  Прэзідэнта Беларусі - уручэнне дзяржаўных узнагарод. Сімвалічна, на тыдні беларускі лідар сам атрымаў вышэйшую ўзнагароду Азербайджана з рук свайго калегі - ордэн Гейдара Аліева. І сёння перадача эстафеты: ордэны, ганаровыя званні заслужаным людзям Беларусі.

Уручэнне вышэйшых узнагарод краіны, мабыць, адна з самых строгіх цырымоній у дзяржаўным пратаколе. Бяссонная ноч напярэдадні (усё ж мерапрыемства хвалюючае), да таго ж госці прыбываюць у Палац Незалежнасці яшчэ задоўга да таго, як адчыніць   свае дзверы зала цырымоній. Тут шмат нюансаў. Па-першае, інструктаж. Каб не заблытацца, удакладняюць чарговасць - парадак выхаду за ўзнагародай. Вызначаюць і самых смелых. Тыя, хто спраўляецца з хваляваннем,  выступаюць са словам у адказ. Па выніку да прыбыцця Прэзідэнта ў запрошаных, як правіла, застаецца яшчэ паўгадзіны. Аднак гарбата/кава часта прайграваюць самастойнай экскурсіі і фота ў інтэр'ерах сімвала беларускай дзяржаўнасці.  

Журналісты палічылі (хай і з невялікай хібнасцю), па такім ўрачыстым выпадку, калектыў Віктара Бабарыкіна іграе тут раз у паўтара месяца. Зала дзяржаўных узнагарод Палаца Незалежнасці прызначана толькі для аднайменнай цырымоніі. Упершыню лепшых беларусаў тут ушаноўвалі тры гады назад. З тых часоў такога  высокага звання ўдастоена не адна сотня прафесіяналаў. У гэтых антуражах сустракаюцца людзі розных прафесій і інтарэсаў. Калі б не асабістыя заслугі і нагода, па тэорыі верагоднасці, яны маглі б нават не сустрэцца. Адны працуюць у сталіцы, другія   ў рэгіёнах, трэція абараняюць нас на зямлі, чацвёртыя  нясуць службу ў небе. 

Суседнія крэслы адзін з адным  тут дзеляць тыя, хто раней бачыў Кіраўніка дзяржавы толькі па тэлевізары.  Напрыклад, трактарыст Мікалай Белакурскі, і тыя, хто побач з Прэзідэнтам па першым званку, як кіраўнік агракамбіната "Сноў". Тут прысутнічае яшчэ шмат персон, якіх часта бачым на экране. Анатоль Капскі.

На яго плячах - кіраванне футбольным клубам БАТЭ і аднайменным заводам. Самы аўтарытэтны чалавек у беларускім футболе. Той, хто з аматарскай каманды зрабіў лепшы клуб у краіне, з гэтага часу ўладальнік яшчэ аднаго знакавага статусу і ўзнагароды - ордэна Пашаны.

Зрэшты, тут не толькі мужчыны, але і жанчыны "вышэйшай лігі". Анастасія Масквіна. Оперная дзіва. Салістка Вялікага. Дэфіцытнае сапрана Беларусі. Зараз афіцыйна народная. Хоць мала хто ведае, своеасаблівае званне "маленькай народнай артысткі" яна атрымала 16 гадоў назад,   быўшы адным з першых лаўрэатаў Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

Гэтае інтэрв'ю здымачная група Агенцтва тэленавін здымала ў дэкарацыях Вялікага. Дома, як кажуць, і сцены дапамагаюць. Нягледзячы на замежныя гастролі, апладысменты шматтысячных залаў і рэгаліі, калі надышоў момант для слова ў адказ,  яе голас усё ж дрыжаў.

Узнагароды для герояў краіны дагэтуль - выключна ручная работа.  Сёння 36 камплектаў. Такая дакладнасць, таму што важная кожная. За ёй: шматгадовы стаж, прафесійныя подзвігі і кампрамісы. Падзея знакавая ўдвая. Цяперашняя цырымонія - першае ўшаноўванне лепшых з лепшых па выніках пяцігоддзя. Узнагароды Аляксандр Лукашэнка ўручае ў апошні месяц 2016-га - час, калі прынята падводзіць вынікі.

Фармат мерапрыемства вытрыманы, тым не менш, прытрымлівацца зададзенага сцэнарыя не так проста. Заўсёды ёсць невялікія праўкі. Бо эмоцыі і перажыванні - тое, што немагчыма змясціць у рамкі афіцыйнай цырымоніі.

Складаны тыдзень. 6 гадзін у паветры. Чарада  перамоў і міжнародных сустрэч. Але было відаць, нефармальны настрой перадаўся і беларускаму Прэзідэнту.

Эмоцыі, узаемныя віншаванні і звон бакалаў. Цырымонія завяршылася, але Аляксандр Лукашэнка настойліва прасіў гасцей не разыходзіцца. І каб не бянтэжыць, сам пакінуў Палац Незалежнасці ў іх распараджэнні. 

У канцы лістапада прэс-служба беларускага лідара апублікавала поўны спіс узнагароджаных. У ім - 190 чалавек. Як правіла, па даручэнні Прэзідэнта, такую  цырымонію праводзіць прэм'ер-міністр. Зрэшты, ніхто не бярэцца загадваць, што цяперашняя, у Палацы Незалежнасці, заключная сёлета. Узнагарода - заўсёды нечаканасць. Для шматлікіх, заслужаных, відавочна, стане лепшым падарункам напярэдадні Раства  і навагодніх святаў.