Экасцежкі ствараюць у лясных гаспадарках Мінскай вобласці

16 августа 2016

Сёння гэта адзін з самых перспектыўных напрамкаў развіцця турызму. Зараз у цэнтральным рэгіёне дзейнічаюць сем экалагічных сцежак. Апошняя з іх створаная ў Стаўбцоўскай паляўнічай гаспадарцы. Зялёны маршрут аб'яднаў самыя цікавыя прыродныя славутасці Налібоцкай пушчы. Азнаёміцца з імі прапануюць на веласіпедзе.

Наталля Кузьміцкая пабывала на экскурсіі.

Утульныя нумары, лазня, побач маленькае возера і маляўнічыя лясныя краявіды навокал. Домік паляўнічага - адзін з самых запатрабаваных турыстычных аб'ектаў у раёне. Тым, хто жадае, дапамогуць з рыбалкай ці паляваннем, аматарам больш спакойнага адпачынку раскажуць пра ягадныя ды грыбныя мясціны. Летась надвор'е паспрыяла добраму лясному ўраджаю.

Аднак апошнім часам тут імкнуцца стварыць умовы не толькі для ўтульнага, але і займальнага адпачынку. Напачатку лета супрацоўнікі лясгаса працавалі над канцэпцыяй і ўвасабленнем велаэкасцежкі, адзінай не толькі ў Стаўбцоўскім раёне, але і вобласці. І зараз усіх ахвотнікаў запрашаюць у цікавае падарожжа па ваколіцах Налібоцкай пушчы.

Маршрут прадумалі да дробязяў. Надалі ўвагу навігацыі (на кожным адрэзку шляху паказальнікі) і камфорту турыстаў (на месцах прыпынкаў альтанкі і лаўкі для адпачынку і яднанню з прыродай).

Маршрут веласцежкі аб'яднаў самыя цікавыя дзікія прыродныя мясціны.

Такія прыродныя маршруты створаныя ўжо ў сямі раёнах Мінскай вобласці. Зялёны турызм сёння адзін з самых перспектыўных напрамкаў для развіцця паляўнічых гаспадарак, асабліва ва ўмовах дэпапуляцыі дзіка, і як вынік - зніжэння попыту на паляўнічыя туры.

Пешаходныя, водныя, маршруты ў фармаце сафары - пералік паслуг у галіне экалагічнага турызму плануецца штогод пашыраць. Акрамя таго, распрацоўваецца ідэя правядзення на базе паляўнічых комплексаў фестываляў і нацыянальных святаў.