На тэрыторыі былога лагера смерці "Трасцянец" заўтра пройдзе мітынг-рэквіем

28 июня 2018

На тэрыторыі былога лагера смерці "Трасцянец" заўтра пройдзе мітынг-рэквіем

На стыку двух летніх месяцаў у Беларусі традыцыйна праходзяць мерапрыемствы, якія закліканы нагадваць аб трагічных старонках гісторыі для краіны. Гэта важныя для нас даты – пачатак вайны і вызваленне Мінска. Заўтра ж на тэрыторыі былога лагера смерці "Трасцянец" пройдзе мітынг-рэквіем, прысвечаны памяці ахвяраў нацызму. Удзел у ім прыме і Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

Плануецца, што разам з беларускім лідарам на пляцоўцы маштабнага мемарыяльнага комплексу будуць і яго калегі - прыбываюць дэлегацыі з Германіі і Аўстрыі на чале з прэзідэнтамі гэтых краін Франкам-Вальтарам Штайнмаерам і Аляксандрам Ван дэр Беленам. З аўстрыйскага боку мітынг-рэквіем наведае і экс-прэзідэнт Аўстрыі Хайнц Фішэр. Госці змогуць убачыць ужо больш поўную карціну мемарыяла - гатова другая чарга комплексу. На цырымоніі будуць прысутнічаць і шматлікія іншыя замежныя госці, уключаючы прадстаўнікоў дзяржаўных і грамадскіх арганізацый з Аўстрыі, Германіі, Ізраіля, Польшчы, Чэхіі. У іх ліку - дзяржсакратар канцылярыі Прэзідэнта Польшчы - Кшыштаф Шчэрскі, намеснік старшыні Палаты дэпутатаў Парламента Чэхіі Войцэх Філіп. Сусветны яўрэйскі кангрэс будзе прадстаўляць намеснік галоўнага выканаўчага дырэктара па пытаннях дыпламатыі Марам Штэрн. Плануюцца таксама асобныя сустрэчы кіраўніка беларускай дзяржавы з прэзідэнтамі Аўстрыі і Германіі. Гэта магчымасць для лідараў краін абмеркаваць не толькі пытанні сумеснага увекавечвання памяці ахвяраў нацызму, але і двухбаковае супрацоўніцтва. А таксама перспектывы шматбаковага ўзаемадзеяння ў рэгіёне.