Сёння - Міжнародны дзень тэатра

27 марта 2017

Урачыстасць для тых, хто мастацтву служыць і хто яго любіць. Сёння - Міжнародны дзень тэатра. Да свята галоўныя пляцоўкі краіны рыхтуюць прэм'еру. Вялікі ставіць легендарную оперу Моцарта "Чароўная флейта". Над спектаклем працуе міжнародная каманда. Аб падрыхтоўцы прэм'еры музычнай казкі - рэпартаж Іны Пілевіч.

На сцэне Вялікага тэатра мова Гётэ і Шылера гучыць як на рэпетыцыях, так і ў кулуарах. Нямецкі рэжысёр Ханс-Ёахім Фрай ставіць апошнюю оперу Моцарта. У спектаклі "Чароўная флейта" ўсе арыі гучаць на роднай мове кампазітара. А вось дыялогі - на рускай.

Ханс-Ёахім Фрай, рэжысёр-пастаноўшчык оперы "Чароўная флейта", Германія:

"Мова, як і музыка, з'яўляецца паўнацэннай часткай твора. Таму мы вырашылі, што артысты спяваюць на нямецкай, а вось размаўляюць паміж сабой на рускай. Такім чынам мы пабудавалі мост разумення да гледача".

Праца праз перакладчыка не ўпершыню нямецкаму рэжысёру. Чатыры сезоны таму з нашай трупай паставіў "Лятучага галандца" Вагнера. Для чарговай прэм'еры ў Мінску сабраў міжнародную каманду. Дырыжор і дэкаратар - з Аўстрыі, мастак па святле - з Расіі.

Хартмут Шэргхофер, мастак-пастаноўшчык оперы "Чароўная флейта", Аўстрыя:

"У новым спектаклі мы максімальна задзейнічаем магчымасці вашай сцэны - практычна ўсе пляцоўкі, дэкарацыйныя пад'ёмнікі. Бо яшчэ сам лібрэтыст Шыканедэр 200 гадоў таму гаварыў, у гэтай оперы машынерыю трэба выкарыстаць наколькі гэта магчыма".

26 сцэнічных планаў дэкарацый і больш як дзве сотні касцюмаў. Кантраст чорных і белых убораў толькі падкрэслівае класічны сюжэт, у аснове якога барацьба дабра са злом. Чараўнік Зарастра выкрадае дачку Царыцы ночы. Засмучаная маці пасылае прынца Таміна выратаваць дзяўчыну і дае яму чароўны атрыбут - флейту.

Опера для аматараў фэнтэзі. Прыхільнікі такіх кінасаг, як "Уладар кольцаў" і "Гульня прастолаў", змогуць улавіць у спектаклі цытаты з любімых фільмаў. На сцэне з'явяцца гномы, пачвары, амазонкі і драконы.

Дзеля оперы-казкі Вялікі тэатр на тыдзень закрылі для публікі. На галоўнай сцэне ідуць рэпетыцыі. Ужо заўтра спектакль ацэніць мастацкі савет, а ў чацвер - гледачы.