Аляксандр Лукашэнка прыняў важныя кадравыя рашэнні

5 декабря 2019
Палітычны штаб Кіраўніка дзяржавы - Адміністрацыю Прэзідэнта  - узначаліў Ігар Сергяенка. Да прызначэння ён працаваў першым намеснікам Старшыні КДБ Беларусі. Мае званне генерал-маёра. Таксама сёння намеснікам кіраўніка адміністрацыі стала Вольга Чупрыс - доктар юрыдычных навук, прафесар. Працавала на пасадзе прарэктара па навучальнай працы і адукацыйных інавацыях БДУ. Тыя, хто раней займалі гэтыя пасады,  сканцэнтруюць увагу на парламенцкай дзейнасці. Наталля Качанава накіраваная ў Савет Рэспублікі па прэзідэнцкай квоце, а Валерый Міцкевіч (пройдучы выбарчую кампанію) увайшоў у склад Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне накіраваць у Савет Рэспублікі па прэзідэнцкай квоце Міхаіла Русага, Анатоля Ісачанку і Сяргея Рачкова. Апярэджваючы магчымыя пагалоскі, варта адзначыць: у кадравым абнаўленні няма нічога надзвычайнага. Ратацыя і пераемнасць - характэрная рыса кадравай палітыкі ў краіне.

Зберагчы тое, што маем, -  гэта задача і дэпутатаў. Парламент сфарміраваны, але наперадзе вялікая праца. І шматлікае залежыць ад яе арганізацыі. Гэтыя пытанні Аляксандр Лукашэнка сёння абмеркаваў на сустрэчы з Валерыем Міцкевічам (ужо былым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта і цяпер дэпутатам парламента) і Уладзімірам Андрэйчанкам, які ў папярэднім складзе ўзначальваў Палату прадстаўнікоў, а цяпер дэпутат сёмага склікання. Улічваючы іх вопыт і высокі прафесіяналізм, беларускі лідар папрасіў дапамагчы вырашыць усе арганізацыйныя пытанні новага склікання. Таксама яшчэ трэба будзе выбраць старшыню Палаты прадстаўнікоў. З кандыдатурай вызначацца шляхам таемнага галасавання. Першыя рашэнні новае (сёмае) скліканне прыме ўжо заўтра на сваім першым пасяджэнні.