Лясгасы Гродзенскай вобласці вядуць узмоцненую барацьбу з жуком-караедам

28 марта 2020

У рэгіёне насякомымі пашкоджаны сотні гектараў лесу

Калі своечасова не адрэагаваць, сцвярджаюць спецыялісты, за сезон усяго адна сям’я караедаў зможа засяліць каля 200 дрэў. Спецыяльныя брыгады лесарубаў зараз працуюць на тэрыторыі практычна ўсіх лясгасаў рэгіёна. Драўніну, атрыманую пасля высечкі, адразу адпраўляюць на перапрацоўку. 

Маштабы экалагічнай праблемы ў рэпартажы Юрыя Карняловіча.

Інжынер-лесапатолаг Ганна Барысік барацьбу з ляснымі шкоднікамі вядзе не першы год. За гэты час дасканала вывучыла ўсе прывычкі насякомых. Самымі небяспечнымі для дрэў лічацца жукі-караеды.

Засяляюцца яны звычайна на верхавінах і могуць прывесці да поўнага знішчэння драўніны

Таму пры першых прыкметах паражэння, а гэта высыханне асобных галінак і змяненне колеру ігліцы, спецыялісты адразу б’юць трывогу.
Пазбавіцца лясных шкоднікаў можна толькі радыкальнымі метадамі. Прымяненне хімікатаў не прыносіць станоўчых вынікаў. Таму ўсе заселеныя караедам дрэвы высякаюцца. І зрабіць гэта неабходна як мага хутчэй, пакуль жукі не распаўсюдзіліся на новыя тэрыторыі. У Слонімскім лясгасе такіх ачагоў некалькі, і лесарубы тут працуюць з ранку да вечара.
Лесаруб Сяргей Шальпякоў па тэмпах высечкі хворага лесу лідзіруе ў лясгасе. І тут, прызнаецца, важна не толькі быць фізічна падрыхтаваным, кожнае дрэва неабходна пакласці ў пэўным напрамку, каб затым вывезці без перашкод. Таму перш чым працаваць пілой, неабходна правесці матэматычныя вылічэнні.

Пазбавіцца лясных шкоднікаў можна толькі радыкальнымі метадамі 

Леснікам прыходзіцца спяшацца з санітарнай высечкай дрэў. Усе работы неабходна завяршыць да пачатку мая, калі па-сапраўднаму цёплае надвор’е дазволіць караеду размнажацца ў геаметрычнай прагрэсіі.
Дарэчы, пры своечасовай нарыхтоўцы дзейнасць караеда не адлюстроўваецца на тэхнічных якасцях драўніны. Пасля спілоўкі яна накіроўваецца на перапрацоўку.
Месцы ж санітарных высечак ужо сёлета будуць засеяны новымі саджанцамі.