Трыўмфальнае выступленне нашых спартсменаў не пакінула абыякавых ва ўсім свеце

25 февраля 2014

Як хварэлі і як захапляліся залатымі выступленнямі беларускіх біятланістак і майстроў фрыстайлу - у наступным рэпартажы.



Расказвае Лізавета Казакова: Вытанчанасць, хуткасць, трапнасць, ювелірнае выкананне, тактычная перавага - гэта толькі малая частка каментарыяў, якімі суправаджаліся перамогі беларусаў на гістарычнай для нас зімовай Алімпіядзе ў Сочы. Там, дзе прысутнічае найвышэйшы клас, няма месца зайздрасці і дрэннаму пачуццю канкурэнцыі. Беларусы, вы лепшыя! - чуваць з усіх куткоў планеты.


Ван Чжэ, балельшчык з Пекіна: Домрачава? Так, я ведаю, хто гэта! Гэта беларуская спартсменка. Біятлон не самы папулярны від спорту ў Кітаі, але калі адбываюцца такія перамогі, то пра гэта даведваюцца нават тыя, хто наогул спортам не цікавіцца. Дар'я Домрачава - выдатная спартсменка, яна прыгожая дзяўчына. Тры залатыя медалі на адных Гульнях - гэта дзіўны вынік!


Пан Шэнань, балельшчыца з Пекіна: Гэтыя Алімпійскія гульні мяне проста ўразілі. Асабліва тры медалі Домрачавай. Я ведаю, што яна змяніла расійскае грамадзянства на беларускае. Выдатна, што Беларусь, яе Прэзідэнт даў ёй гэтую магчымасць, гэты шанец па-сапраўднаму раскрыць свой талент і так ярка паказаць яго ўсяму свету.



У агульным медальным заліку Беларусь абышла Кітай на 4 пазіцыі - мы ў васьмёрцы наймацнейшых. Неверагодны поспех!


Сціплая надзея Алы Цупер на бронзу дзякуючы спартыўнай волі спартсменкі стала залатой перамогай. Праз тры дні беларускі фрыстайліст Антон Кушнір бездакорна выконвае найскладанейшы па тэхніцы скачок і не пакідае шанцаў сапернікам.



Трохразовае золата непераможнай Дар'і Домрачавай назаўжды ўпісана ў летапіс сусветнага спорту.


Іх подзвігі ацаніў увесь свет. Але на самых складаных рубяжах кожны адчуваў падтрымку сваякоў і сяброў, братоў па камандзе і асабіста Прэзідэнта Беларусі.


Пра беларускі трыумф будуць яшчэ доўга гаварыць, складаць вершы і песні. Але заўтра ў нашых алімпійцаў - новыя старты, якія патрабуюць мужнасці і майстэрства. Гэта азначае штодзённую працу і бязмежную адказнасць перад сваёю Беларуссю.