Ствараецца цэнтр кібербяспекі ў АДКБ

27 марта 2015

Дадаткова ствараецца і цэнтр крызіснага рэагавання. Гэта ў Маскве беларускім журналістам паведаміў Генеральны сакратар арганізацыі Мікалай Бардзюжа, таксама ён анансаваў планы арганізацыі на найбліжэйшы час. Пра абарону анлайн-інфармацыі - Максім Кароткін.

Аб процідзеянні кіберзлачыннасці ў АДКБ гавораць ужо не першы год. Зараз процідзейнічаць злачынствам у IT-сферы пачалі больш актыўна. Кіраўнікі дзяржаў усе неабходныя для гэтага дакументы ўжо зацвердзілі, зараз час практычнага выканання. Адначасова ў арганізацыі вядзецца праца па стварэнні агульнага цэнтра рэагавання на крызісныя з'явы. Гэта, дарэчы, частка тых самых прыярытэтаў, якія паставіла Беларусь падчас старшынства ў арганізацыі. Калі структура процідзеяння кіберпагрозам - гэта, хутчэй, агульная сістэма абмену інфармацыяй, то цэнтр крызіснага рэагавання будзе мець фізічную прысутнасць у Расіі, для яго ўжо падабралі памяшканне.

Стратэгічна адна з галоўных пагроз бяспецы АДКБ мае паўднёвы кірунак: Афганістан, Сірыя, "Ісламская дзяржава". Відавочна, што краінам арганізацыі неабходна ўзмацніць процідзеянне наркатрафіку, нелегальнай міграцыі і тэрарызму.

Сярод прыярытэтаў 2015 года ў арганізацыі будзе развіццё ваеннага ўзаемадзеяння. Гутарка будзе ісці пра ўдасканаленне тэхнічнага абсталявання. Таксама анансаваныя новыя праграмы супрацоўніцтва ваенна-прамысловых комплексаў.

Традыцыйна план працы АДКБ на гэты год уключае шэраг вучэнняў, іх прымуць Расійская Федэрацыя, Арменія і Таджыкістан. Асноўная ўвага ў іх будзе нададзена ўзаемадзеянню калектыўных сіл арганізацыі і сумесным аперацыям антытэрарыстычных органаў.