Юбілейныя медалі ўручаны ўдзельнікам вайны

6 мая 2015
У гэтыя перадсвяточныя дні адмысловая ўвага і словы падзякі ў адрас ветэранаў. Сёння юбілейныя медалі ўручаны ўдзельнікам вайны, якія жывуць у інтэрнаце ветэранаў вайны і працы. З ганаровай місіяй сюды прыехалі віцэ-прэм'ер краіны Наталля Качанава і Міністр працы і сацабароны Мар'яна Шчоткіна. Тут жа для ветэранаў выступіў ваенны аркестр і кожнага пачаставалі сапраўднай салдацкай кашай. На свяце пабывала і Ксенія Рабчынская.

Гэта яшчэ не той дзень, але да яго застаецца зусім нямнога. Свята Перамогі сёння прыйшло ў інтэрнат ветэранаў вайны і працы. Міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна кожнага віншуе асабіста і ўсіх да аднаго ведае па імені і па бацьку. Гэта нават не абавязак, гэта гонар. Менавіта таму сёння тут ваенны аркестр, салдацкая каша і, вядома, слёзы на вачах - усё як у тым самым пераможным 45-м.

Мар'яна Шчоткіна, Міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі: "Калі я задавала ім пытанне, што вы больш за ўсё памятаеце, яны гавораць, "было страшна". А чаго больш за ўсё баяліся? Здрады. Таму мы павінны быць заўсёды разам, мы павінны быць адзінай краінай, мы павінны шанаваць тое, што мы маем. І мы павінны перадаць гэту нашу краіну наступнаму пакаленню".

Ветэран Мікалай Куранкоў гаворыць, на Ленінградскім фронце толькі думкі аб будучыні і ратавалі, хоць якой яна будзе, уявіць было складана. А вось зараз у яго 5 унукаў, ужо з'явіліся і праўнукі. Ён сапраўды ведае, за што, больш дакладна, за каго тады ваяваў.

Мікалай Куранкоў, ветэран: "Бачыў і адчуваў шмат ўсялякіх нягод, непрыемнасцяў, як усе бедныя ленінградцы, і блакаду і ўсё іншае, але не страчваў пачуцця меры, пачуцця адказнасці як абаронца Радзімы".

Абаронцаў Радзімы сёння ўзнагародзілі спецыяльнымі юбілейнымі медалямі да 70-годдзя Перамогі. Кожнаму не толькі ўзнагарода, але і асабіста добрыя словы.

Наталля Качанава, намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі: "Шчасце ў тым, што сёння яшчэ гэтыя людзі з намі, і мы можам з імі гаварыць, можам пачуць з першых вуснаў тое, што ім давялося перажыць у гэта страшнае ліхалецце. Таму наш абавязак - гэта не забыць ніколі і перадаць пакаленням".

Як яны перадалі нам мірнае неба. А сёння, атрымліваючы ўжо далёка не першыя ўзнагароды, шчыра ўсміхаліся са слёзамі на вачах і нястомна апладзіравалі ваеннаму аркестру. Разам з малымі, якія прыйшлі іх наведаць. Ім яны, дарэчы, любяць расказваць асаблівую гісторыю - не пра жахі 4 гадоў, а пра адзін дзень - 9 мая 45-га.

Роза Саранчына, блакадніца Ленінграда: "Калі скончылася вайна, тады гэта было вялікае шчасце, вялікая радасць, людзі абдымаліся, цалаваліся, плакалі ад шчасця. Гэта была радасць усяго народа, таму што надта дарагой цаной прыйшла гэта перамога".

Ужо заўтра ветэранаў чакае яшчэ адзін канцэрт - гэтым разам падарунак ад студэнтаў. А там яны з нецярпеннем будуць чакаць трансляцыі ваеннага парада і, хутчэй за ўсё, зноў не змогуць стрымаць слёз.

Сёння ў інтэрнаце ветэранаў вайны і працы жывуць 143 чалавекі, з іх 88 - гэта ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. І хай словы падзякі і віншаванні са святам Перамогі для іх сёння прагучалі крыху загадзя, самае галоўнае, гавораць яны самі, што пра іх памятаюць, і пра іх подзвіг памятаюць, і не толькі напярэдадні 9 Мая.