Выстава Тэхнаэвалюцыя сабрала лепшыя школьныя работы з бытавых адходаў

28 октября 2013
Робат з клавіятуры, цмок з фанцікаў і сумка з пакетаў для смецця. Экспазіцыя складаецца больш як са 150 праектаў, прысвечаных Году эканоміі і беражлівасці.

Марына Мураўёва завітала на выставу і нават знайшла, чым папоўніць свой гардэроб.

У свае 9 гадоў Даніла не толькі ведае, што такое мікракантролер і рэзістар, але і ўмела, сам, вырабляе з іх цацкі. Два гады юны тэхнік займаецца ў гуртку мадэлявання. Сёлета заняў першае месца ў гарадскім конкурсе тэхнічнага майстэрства. Самастойна сабраў святлодыёдны робат і вібрачарапаху. Для выставы падрыхтаваў вось гэты эксклюзіўны начнік.

На конкурсе-выставе Тэхнаэвалюцыя бытавыя адходы, такія як пластмаса, смеццевыя пакеты, фанцікі, радыёдэталі і іншыя, у літаральным сэнсе, атрымалі новае жыццё.

Кожная работа - не проста прыгожы экспанат, але і функцыянальная рэч. Бо, напрыклад, вось гэтыя пляжныя сумкі з фотаплёнкі або смеццевых пакетаў могуць заняць годнае месца ў гардэробе амаль кожнай модніцы.

Мінскія школьнікі ўмела вырабілі з бытавых адходаў мастацкія кампазіцыі, прадметы інтэр'еру, цацкі і нават мэблю. Кожная работа прайшла раённы адборачны тур. Сёння іх размеркавалі па пяці намінацыях. Журы выбірае лепшыя.

Лепшыя арт-аб'екты прымуць удзел у рэспубліканскай выставе юных тэхнікаў. Выбраныя - прадставяць Беларусь на межнародным конкурсе Калядны калор у Рызе.