У балоце пад Сянно знайшлі цяжкі танк "Клім Варашылаў"

12 ноября 2015

Сенсацыйная знаходка пад Сянно. У балоце пошукавікі знайшлі цяжкі танк "Клім Варашылаў" або, як яго звычайна называюць, КВ-1. Машына 1940 года выпуску прымала ўдзел у першых бітвах Вялікай Айчыннай. Унікальнасць гэтага ваеннага артэфакта ў тым, што аналагічных баявых машын, нават іх вузлоў і механізмаў, практычна не захавалася. За аперацыяй па падняцці рэдкага цяжкага танка назірае наш карэспандэнт Вольга Маслоўская.

Лагер пошукавікаў. Спецтэхніка. Падабрацца да баявой машыны няпроста. Мясцовасць забалочаная. Пастаянна даводзіцца адпампоўваць ваду. Дапамагаюць разлікі МНС.

Тут пад пластом торфу больш як 70 гадоў праляжаў цяжкі танк "Клім Варашылаў - 1". Перш чым да гэтага месца падпусцілі журналістаў, яго абследавалі сапёры. З балота дасталі 10 танкавых снарадаў.

Пра тое, што ў лесе паблізу ад вёскі Пурплева ляжыць танк, распавядалі і мясцовыя жыхары, і архіўныя дакументы. Выпрабавальны раскоп апынуўся ўдалым.

Дэталёвае вывучэнне элементаў баявой машыны ўзрушыла пошукавікаў. Пад іх нагамі - рэдкі цяжкі танк "Клім Варашылаў -1", які сышоў з канвеера Кіраўскага завода ў 1940 годзе.

Міхаіл Мятла, намеснік дырэктара дабрачыннага фонду дапамогі воінам-інтэрнацыяналістам "Памяць Афгана": "На пачатак вайны гэты танк быў практычна непрабівальны ніводнай гарматай, ніводнай прыладай нямецкай. Танкаў дадзенай мадыфікацыі ў свеце няма нідзе. Пасля вайны яны былі адпраўленыя на металалом або затанулі ў балоце, як гэты".

КВ-1 у складзе 5 і 7 механізаваных карпусоў 20-й арміі Заходняга фронту ваявалі пад Сянно ў ліпені 1941-га. Гэтыя падзеі называюць генеральнай рэпетыцыяй Курскай дугі. Тут сышліся дзве тысячы танкаў. Амаль 700 машын савецкія войскі страцілі.

Аб экіпажы знойдзенага КВ -1 вядома пакуль няшмат. Леанід Красноўскі памятае, як летам 1941-га ў іх дом прыйшлі савецкія танкісты.

І гэта яшчэ адна сенсацыя. У балоце побач з КВ-1 можа знаходзіцца другая баявая машына. Аперацыя па падыманні тэхнікі зойме некалькі дзён. Пошукавікі спадзяюцца аднавіць цяжкі КВ-1, які з часам папоўніць экспазыцыю аднаго з музеяў.