Высокі ўзровень абароны нацыянальнай валюты. Нацбанк прапанаваў новыя банкноты

23 марта 2020
Абноўленыя вадзяныя знакі і не толькі. У Нацбанку сёння прапанавалі новыя банкноты наміналам 20 і 50 рублёў. Удасканаленні закранулі як асноўныя ахоўныя элементы - іх стала прасцей вызначыць на святло за кошт патоўшчанай лініі і перапрацоўкі вадзяных знакаў, так і дадатковых, разлічаных на абсталяванне касіраў. Зведалі нязначныя змены і некаторыя элементы дызайну, уключаючы подпіс старшыні Нацыянальнага банка.

На аверсе банкнот з'явіўся подпіс з назвай архітэктурных будынкаў. Пры гэтым  само іх адлюстраванне прыведзена ў адпаведнасць з цяперашнім выглядам пабудоў. Пласт фарбы для яго, як і для лічбаў наміналу, зараз больш тоўсты для лепшага ўспрымання навобмацак для людзей са слабым зрокам. Таксама памяняўся і надпіс "пяцьдзясят". Звязана гэта з новымі нормамі беларускай мовы.

Ахоўны складальнік новых банкнот узмацнілі дадатковым вадзяным знакам, больш шырокай ахоўнай ніткай. У купюры  50 рублёў - адлюстраваннем лічбаў з колерапераменнай фарбы, г.з. яна змяняе колер пад вуглом.


Дарэчы, зараз купюры будуць больш зносастойкімі. За кошт дадатковага ўмацавання канта і выкарыстання спецыяльнага матавага лаку пры вытворчасці.