У Мінскай вобласці праходзяць дні бяспекі

21 февраля 2019

Супрацоўнікі МНС і медыкі праводзяць майстар-класы для дзяцей і дарослых. Сёння ў Валожыне 200 школьнікаў наведалі 6 тэматычных пляцовак, дзе вучыліся аказваць першую дапамогу, знаходзіць парушэнні ў пячным абсталяванні і правільна паводзіць сябе падчас пажару. Да таго ж дзецям паказалі і тэхніку ратавальнікаў.

Падрабязна Марына Мураўёва. Вогнетушыцель, рэанімацыйны пункт, газавы кацёл і нават макет печы. На адзін дзень пляцоўка фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Валожыне стала інфармацыйнай зонай бяспекі. На кожнай з шасці тэматычных зон - свой майстар-клас і інвентар. Тут можна не толькі ўбачыць, але і замацаваць на практыцы галоўныя правілы бяспекі.

Медыкі, газааварыйная служба, спецыялісты Асвода, міліцыя – карыснымі ведамі з падлеткамі дзяліліся ўсе па чарзе. Адна з самых відовішчных тэматычных пляцовак – аказанне першай дапамогі. Тут можна паспрабаваць накласці шыну, навучыцца спыняць крывацёк і нават запусціць сэрца. Урач-рэаніматолаг Андрэй Якіменка разам са сваёй жонкай хірургам на дзень пакінулі сцены цэнтральнай раённай бальніцы. У ролі настаўнікаў маладыя ўрачы далі майстар-клас па аказанні першай меддапамогі.

Вікторыя Лоўчая - актывіст маладзёжнай арганізацыі пажарных - разам з іншымі юнымі ратавальнікамі наведвае садкі і школы. Падчас квестаў, віктарын і спектакляў вучыць дзяцей, як паводзіць сябе на пажары ці выратаваць чалавека з вады. Сёлета дзяўчына збіраецца паступаць ва Універсітэт грамадзянскай абароны МНС, таму ахвотна дапамагае ў арганізацыі акцыі сваім будучым калегам-ратавальнікам.

А на вуліцы разгарнуўся музей спецтэхнікі. Школьнікам правялі экскурсію па аўтаэкспанатах пяці выратавальных службаў.