Трэці беларуска-французскі бізнес-форум сабраў у Магілёве прадстаўнікоў розных галін

19 февраля 2018

У тым ліку дрэваапрацоўкі, харчовай прамысловасці, будаўніцтва. Францыя традыцыйна ўваходзіць у лік стабільных знешнегандлёвых партнёраў Магілёўскай вобласці - тавараабарот у 2017 годзе перавысіў 10 мільёнаў долараў. Як стымуляваць цікавасць да інвестпраектаў - абмеркавалі і падчас прэзентацыі эканамічнага патэнцыялу рэгіёна з акцэнтам на развіцці СЭЗ і паўднёваўсходніх раёнаў, дзе дзейнічаюць льготныя прэферэнцыі.

Алэн Казані, мэр г. Вільру, Францыя:

"5 дзён без візы - гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з Беларуссю. Асабліва цікавіць тэхналагічны працэс, які ўкаранёны на шклоўскім прадпрыемстве "Домабудаванне". Бо з яго дамоў у нас у Вільру пабудуюць цэлую вуліцу. А наогул патэнцыял для супрацоўніцтва, я ўпэўнены, вялізны".

Вытворчасць энергазберагальных і экалагічна чыстых дамоў для французаў стала першым буйным праектам для філіяла "Домабудаванне" Шклоўскага завода газетнай паперы. Там пабывалі французскія госці. Тут вырабляюць усе элементы каркасна-шчытавых дамоў - менавіта такія і даставяць у рэгіён Латарынгія. Сёлета 37 французскіх сямей адзначаць у іх наваселле. А ў цэлым праект разлічаны на вытворчасць і пастаўку ў Францыю 650 драўляных катэджаў.