У Мінску ўспаміналі ахвяр халакосту, пакараных 75 гадоў таму

2 марта 2017

Сёння ў Мінску  ўспаміналі ахвяраў халакосту, пакараных роўна 75 гадоў таму.  Гэта 5 тысяч забітых 2 сакавіка 1942 года вязняў яўрэйскага гета. Ля мемарыяла "Яма"  сабраліся прадстаўнікі пасольства Ізраіля, кіраўнікі Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх арганізацый, ветэраны і студэнты. У той дзень  вясной 1942-га прайшла адна з самых маштабных і непараўнальных па жорсткасці карных нацысцкіх акцый, вядомая ў гісторыі як "Пурымскі пагром". Усіх вязняў расстралялі і пахавалі ў вялізнай агульнай магіле. У 1947 годзе  яўрэі Мінска, якія засталіся ў жывых,  ініцыявалі і стварылі чорны абеліск з надпісам на ідыш. Сёння сюды леглі кветкі,  вянкі і  традыцыйныя ў яўрэйскай культуры каменьчыкі, якія сімвалізуюць вечную памяць. 

Да сакавіцкага пагрому ў Мінску прайшлі дзве акцыі масавага знішчэння яўрэйскага насельніцтва. 20 тысяч чалавек былі забітыя падчас лістападаўскіх нацысцкіх аперацый. Акрамя мясцовых, знішчалі яўрэяў з Заходняй Еўропы, якіх дастаўлялі ў Мінск эшалонамі. У 1942-м трэці пагром быў спланаваным і прадуманым. Праходзіў пасля Ванзейскай канферэнцыі, што адбылася ў Берліне, на якой і быў выпрацаваны дакладны план рэалізацыі “канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання». Ні адзін з 11-ці мільёнаў яўрэяў Еўропы не павінен застацца жывым. Толькі на тэрыторыі Беларусі было знішчана ад 600 да 800 тысяч чалавек. Канчатковая і дакладная лічба невядома і сёння.

Мінскае гета было адным з самых буйных на тэрыторыі Еўропы. У яго ўваходзілі 39 вуліц з цэнтрам на Юбілейнай плошчы. Па перыметры гета было абгароджанае калючым дротам. З кожным пагромам кола звужалася. Людзей станавілася менш. Жывых перасялялі з месца на месца.

Да сакавіка 1942-га, памятаючы папярэднія пагромы, у многіх дамах мінскага гета былі створаныя так званыя маліны. Дзякуючы тайнікам на гарышчах і ў падвалах удалося выратаваць тысячы людзей.

Вуліцу Сухую вязні гета называлі дарогай смерці. Па ёй на яўрэйскія могілкі адвозілі памерлых. Тут былі выкапаныя чатыры катлаваны, дзе пахаваны пяць з паловай тысяч чалавек. Аднак усіх забітых пахаваць тут было немагчыма.

Катлаван на скрыжаванні сучасных вуліц Заслаўскай і Мельнікайтэ быў яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай. Знаходзіўся ён па-за межамі мінскага гета. Аднак менавіта тут былі знішчаны тысячы людзей падчас аднаго з самых буйных нацысцкіх пагромаў 2 сакавіка 1942 года. Пасля трагедыі пясчаны кар'ер мінчане сталі называць Ямай.

Многіх сюды скідвалі яшчэ жывымі, у тым ліку дзяцей з дзіцячага дома, якіх прывялі да катлавана разам з дырэктарам і выхавальнікамі. А ў 1947-м тут з'явіўся першы ў СССР помнік знішчаным яўрэям. Чорны абеліск устанаўлівалі на ахвяраванні вязняў гета і сведкаў той трагедыі. Тэкст на ідышы паэта Хаіма Мальцінскага - чалавека, які страціў у Яме сваіх родных. Абеліск і цяпер тут, хаця ў 2000 годзе з'явіўся бронзавы мемарыял ахвярам халакосту. 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя