Усеўкраінская акцыя непадпарадкавання прайшла на гэтым тыдні па ўсёй краіне-суседцы

25 ноября 2018

Працяг тэмы: усеўкраінская акцыя непадпарадкавання прайшла на гэтым тыдні па ўсёй краіне-суседцы. Так званыя еўрабляхеры - уладальнікі аўтамабіляў на нумарах Еўрасаюза - правялі пратэсты супраць новага закону аб растаможцы. Ужо больш як 2 гады ў краіне дзейнічае стандарт "Еўра-5", а значыць - афіцыйна зарэгістраваць машыну старэйшую за 8 гадоў, прывезеную з-за мяжы, не атрымаецца.

З іншага боку, ва Украіну можна на год увезці машыну на нумары Еўрасаюза і не плаціць ніякіх падаткаў. Зрабілі гэта, каб на ўсход Украіны можна было ўвозіць недарагія машыны для патрэб АТА. Вельмі хутка аб схеме даведаліся тысячы ўкраінцаў. Для адных - гэта шанец прыгнаць недарагі аўтамабіль з Еўропы. А для другіх - цэлы бізнес! Каб легалізаваць сотні тысяч увезеных аўто на еўранумарах, прэзідэнт Украіны ў суботу падпісаў закон аб растаможцы.

Пётр Парашэнка запэўніў: усе грошы ад гэтых выплат пойдуць у Пенсійны фонд краіны. Зараз ва Украіне сотні тысяч аўтамабіляў з чужымі нумарамі, а гэта - мільёны долараў навыплачаных плацяжоў за растаможку і дзясяткі шэрых схем, у якіх удзельнічаюць нават беларусы. Маштабны міжнародны бізнес і афера, якая для нашых суайчыннікаў у будучыні можа павярнуцца вялікімі праблемамі. Прама зараз - расследаванне "Галоўнага эфіру".

Бляха па-польску азначае бляху, з якой і робяцца аўтамабільныя нумары, але ў апошні час усё часцей гэтае слова ператвараецца ў лаянку. Так званыя еўрабляхі або нерастаможаныя аўто падзялілі краіну-суседку. Адны кіроўцы гавораць, што нерастаможаныя машыны - адзіная магчымасць купіць па адэкватных цэнах аўто, і ездзяць на 10-гадовых недарагіх машынах.

Другія ўпэўніваюць, што шматлікія бізнесмены прыганяюць пад гэтай прычынай супердарагія кары. Як вынік - за растаможку не плацяць ні бедныя, ні багатыя. Шматмільённая шкода дзяржаве, поўная блытаніна з улікам машын і немагчымасць паліцыі пакараць кіроўцу на замежных нумарах.

Як вынік - усеўкраінская акцыя непадпарадкавання. Сотні забастовак і заторы нават на мяжы.

Прэзідэнт Украіны падпісаў указ аб так званых еўрабляхах, зараз аўто на транзітных нумарах любога года выпуску можна паставіць на ўлік.

У кіроўцаў ёсць 2 месяцы, каб растаможыць па льготных цэнах. Паводле другога падпісанага закону, праз паўгода Украіна пачне штрафаваць тых, хто не змяніў нумар або машыну.

Каб зарабіць на еўраблясе, беларусу трэба было перасячы мяжу і пабываць ва Украіне.

Мінулым летам страшная аўтакатастрофа на трасе Кіеў - Адэса ў Нікалаеўскай вобласці забрала жыцці 5-х беларусаў, 12 чалавек атрымалі раненне. Усе жыхары Гомельскай вобласці, якія ехалі ў Адэсу афармляць на сябе еўрабляхі. Ці ведалі загінуўшыя аб тым, што на іх будуць лічыцца машыны, мы ўжо не даведаемся. Наўзамен за такую паслугу ім абяцалі 30 долараў і бясплатную паездку на мора.

Каб завезці нерастаможанае аўто, патрэбен уладальнік або чалавек, на якога можна павесіць такую машыну. Галоўнае, каб гэта быў не рэзідэнт Украіны. Напрыклад, беларус. І ўсё роўна, што ў яго няма "шэнгена", а па дакументах ён уладальнік аўто на польскім, літоўскім, чэшскім або румынскім нумары.

Хто захоча аформіць на сябе чужое аўто? На такі заробак вядуцца тысячы беларусаў. Бясплатны адпачынак на моры, дапамога падчас перавозкі алкаголю праз мяжу. У інтэрнэце нескладана знайсці такіх працадаўцаў. Усе яны ў адзін голас заяўляюць аб тым, што схема не крымінальная. Некаторыя зусім не гавораць пра машыны.

Праз год пасля ўвозу машына на еўрапейскім нумары павінна будзе пакінуць тэрыторыю Украіны. Калі гэтага не адбудзецца, давераная асоба, а ў нашым выпадку гэта беларус, на якога і павесілі аўтамабіль, павінен будзе заплаціць штраф. Перавышэнне на 10 сутак - да 600 долараў.

Што зменіцца з прыняццем новага закону ва Украіне, пакажа час. Але пакуль відавочна адно, што рана або позна за маштабную аферу камусьці прыйдзецца адказаць.

І не выключана, што выгада ў 30 долараў для некаторых беларусаў павярнецца сур'ёзнымі праблемамі.