У Мінску ўшаноўвалі медыцынскіх сясцёр міласэрнасці

29 мая 2019

Прадстаўніц адной з гуманных прафесій - медыцынскіх сясцёр міласэрнасці

 - ушаноўвалі напярэдадні. Міністэрствы аховы здароўя, а таксама працы і сацабароны  ўручылі дзясяткі дыпломаў, падзяк і іншых узнагарод  супрацоўніцам Беларускага таварыства  Чырвонага Крыжа. Падрабязнасці  ў Наталлі Бардзілоўскай.

Санітарная сумка з палёў Першай сусветнай. Статут сясцёр міласэрнасці ад пачатку мінулага стагоддзя. І рэтрафота  ў класічных беласнежных строях першых супрацоўніц Чырвонага Крыжа. Ушанаванне нашых сучасніц, якія прысвяцілі сябе самаахвярнасці, распачалося з выставы. У вітрынах - экспанаты з Музея гісторыі медыцыны Беларусі. На сценах  жывапіс Волкава, Уродніча, Малішэўскага. У цэнтры палотнаў з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея  людзі ў белых халатах. Экспазіцыя пад назвай "Місія міласэрнасці" раскрывае гісторыю сястрынскага служэння на нашых землях. 

На нашых тэрыторыях інстытут сясцёр міласэрнасці склаўся яшчэ да Першай сусветнай вайны. У другой палове XIX стагоддзя ў Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай і Віцебскай губерніях працавалі суполкі "белых анёлаў" - так сваіх ратавальніц называлі салдаты, афіцэры, цяжкахворыя і адзінокія старыя. Дабрачынныя жаночыя арганізацыі - сімвал гуманізму і чалавекалюбства - складаліся з прадстаўніц у тым ліку дваранства. Так, у летапісе беларускага сястрыцтва Роза Святаполк-Чацвярцінская, Даратэя Радзівіл і графіня Аляксандра Шувалава. 

Зрэшты, місія "сястра міласэрнасці" ніколі не абмяжоўвалася ні ўзростам, ні паходжаннем, ні сацыяльным статусам. Служыць людзям прыходзілі і прыходзяць па закліку душы. Сярод нашых сучасніц-зямлячак, працу якіх ушанавалі на самым высокім міжнародным узроўні, - медсястра міласэрнасці Ніна Блізнюк. Чырвонаму Крыжу служыць 52 гады. Адной з першых удастоена медаля імя  Флорэнс Найтынгейл - узнагароды за выключныя маральныя і прафесійныя якасці, гуманізм і міласэрнасць. І сёння робіць больш камфортным жыццё цяжкахворых людзей.

Сёння міжнародную адзнаку ўручалі Галіне Кулагінай - галоўнай медсястры Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння. Першай жа беларускай, адзначанай  медалём імя Флорэнс Найтынгел, была легендарная Зінаіда Тусналобава-Марчанка, гераічная медсястра Вялікай Айчыннай. Працягвальніцы міласэрных традыцый - сённяшнія лепшыя прадстаўніцы прафесіі з усіх рэгіёнаў Беларусі сабраліся цяпер у Мінску.

У рамках імпрэзы прэзентавалі кнігу пра дзейнасць айчынных сястрыцтваў міласэрнасці. Урачыстасць прымеркавалі да 55-годдзя медыка-сацыяльнай службы Беларускага Чырвонага Крыжа і да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.