У Баранавічах у адной з сядзіб увагу прыцягвае незвычайны птушыны двор

3 марта 2018

Гаспадары ўласнымі рукамі зрабілі і развесілі больш за дзясятак домікаў – сінічнікаў. Птушыныя апартаменты здзіўляюць фантазіяй і ніколі не пустуюць. А гаспадары рады крылатым гасцям.

Расказвае Вікторыя Патоня. Як прывабіць крылатых памочнікаў у свой сад? Адказ на гэта пытанне ведае Аляксандр Жура. Жыхар Баранавіч сапраўдны абаронца сінічак. Узімку птушак падкормлівае семечкамі, арэхамі і кавалачкамі сала. І сваімі рукамі робіць для іх апартаменты - сінічнікі. Кожны домік асаблівы. Тут і бярозавы кругляк, і зламаны гадзіннік, і вулічны ліхтар. А спецыяльная “спаднічка” на дрэве – распрацоўка Аляксандра – засцерагае птушак ад катоў.

Крылатым гасцям у сядзібе рады. Назірае за птушкамі і падтрымлівае добрую справу і жонка Аляксандра. Нават дапамагае ўпрыгожваць домікі ажурнымі сурвэткамі. І хоць за тыдзень адных толькі семак сінічкі з’ядаюць каля трох кілаграмаў, ніякія страты нельга параўнаць з задавальненнем, якое гаспадары атрымліваюць ад назірання за птушкамі. А на падвор’і можна ўбачыць і дразда-рабінніка, амялушку, дубаносаў і зелянушак.

Домікі спатрэбяцца птушкам і вясной. Яны ператворацца ў яслі. Ды і самі сініцы, як санітары саду, аддзячаць гаспадарам сядзібы. Вопыт Аляксандра ўжо пераймаюць суседзі і знаёмыя. Тым больш што ў Баранавічах на працягу трох месяцаў можна атрымаць кансультацыю пра птушак у арнітолагаў. Тут адкрылася бясплатная школа бёрдвотчараў. Лекцыі праводзяць сябры арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

Школы бёрдвотчынга арганізаваны ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Людзі розных ўзростаў змогуць назіраць за птушкамі, вывучаць і адрозніваць па відах. Гэта яшчэ адзін крок быць бліжэйшымі да прыроды.