Рубрыка Сталічны праменад

19 апреля 2013

Адправіцца на дзіцячы рок-фестываль, паглядзець мюзікл у лепшых традыцыях Галівуда і нават паслухаць карціну. Экскурсія па культурных падзеях уік-энда у нашай рубрыцы Сталічны праменад.


Расказвае Ніна Мажэйка. Вясна – сезон яскравых пачынанняў. Вось і Уладзімір Пугач некалькі дзён таму прэзентаваў свой новы праект Нафта. Дарэчы, музыкант, як высветлілася, падтрымлівае маладыя таленты. У прыватнасці, рок у выкананні юнакоў. Амаль дзве сотні рок-каманд не толькі з Беларусі, але і з Расіі. І толькі 8 у фінале Нацыянальнага конкурсу выканаўцаў рок-музыкі Rock Junior-2013. Два месяцы калісьці нефарматныя, а зараз медыйныя персоны выбіралі канкурсантаў і кампазіцыі. Галоўная умова – песня павінна быць напісана самастойна. Хлопцы і, падкрэсліваем, дзяўчаты, самай малодшай з якіх 12 гадоў, самі займаліся распрацоўкай сваіх праектаў – ад назвы гурта да здымкаў промаролікаў. Усё, як у дарослых. Гала-канцэрт і цырымонія ўзнагароджання – 20 красавіка ў Маладзёжным тэатры эстрады. Фотагалерэя Знята прэзентуе экспазіцыю Cosplay. Свет па той бок экрана”. Косплэер – гэта чалавек, які прымярае да сябе вобразы герояў анімацыі, фільмаў і коміксаў. Фестывалі косплэераў праходзяць па ўсім свеце. Касцюмы ствараюцца самастойна і індывідуальна, пад кожны вобраз. Аўтар працавала над праектам 2 гады. Аляксандра  ўдала сумяшчае фотамастацтва і прафесію мастака-дызайнера камп’ютарных гульняў.  Фотаздымкі нават трапілі ў калекцыю аўтарытэтных спецыялізаваных выданняў першакрыніцы. Экспазіцыя працуе да 1 мая. Босха цяпер можна паслухаць. Капэла Санорус агучыла карціну аднаго з самых загадкавых жывапісцаў у гісторыі нідэрландскага  мастацтва Іероніма Босха Сад зямных асалод. Палатно мае тры часткі: райскую, зямную і пякельную. Канцэрт пабудаваны па такім жа прынцыпе. Спецыяльны госць гурт НаГуаль – ансамбль этнічнага сюррэалізму, артэль па выпрацоўцы энергіі ці проста музыканты з шаманскімі прыхільнасцямі. Акрамя таго, у зале Верхняга горада ўсебеларуская прэм’ера – араторыя Плач Адама эстонскага кампазітара Арва Пярта. Паслухаць яе можна ў суботу ў 19 гадзін. Дыпломны спектакль выпускнікоў Акадэміі мастацтваў на сцэне Сучаснага мастацкага тэатра. Мюзікл, напісаны ўдзельнікамі знакамітага шведскага ансамбля АВВА, папулярны не толькі ў Еўропе.  “Прапісаўся” ў безлічы тэатраў. Гучнай была галівудская кінаверсія пастаноўкі з удзелам Мэрыл Стрып і Пірса Броснана. Зараз аббаманія закранула і Беларусь. Усе ўдзельнікі спектакля пяюць і граюць ужывую. Мюзікл загучыць у беларускім каверы. Крыху зменіцца і рэжысёрскі ход. Усе знаёмыя нам героі захаваюцца, аднак жа  пастаноўка будзе ў форме сціплай мініяцюры. Паглядзець на выдатнікаў магчыма ў суботу і нядзелю. Яшчэ адна падстава дамам апрануць маленькую чорную сукенку, а джэнтльменам касцюм. Новая музычная праграма нашага Вялікага тэатра з цыкла Гісторыя оперы – Білет у Гранд-Апера.  Гэтым разам пагаворым пра мадам Апера. Праграма ўключае розныя арыі з опер французскіх кампазітараў. Жорж Бізэ, Шарль-Каміль Сен-Санс, Жуль Масне. 21 красавіка на сцэну камернага зала Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета выйдуць зоркі.  З гастроляў у Казахстане ў сталіцу на бенефіс. Сольны канцэрт самых знакамітых верасоўцаў Аляксандра Ціхановіча і Ядвігі Паплаўскай адбудзецца ў нядзелю ў канцэртнай зале Мінск. Узорны дуэт айчыннага шоу-бізу змікшыруе незабытае старое і новыя кампазіцыі. Такім будзе ўік-энд. Паглядзіце на яго ў культурным ракурсе. Не адмаўляйце сабе ў здавальненні.