Цэнтры бяспекі ў Беларусі набіраюць папулярнасць

23 февраля 2019

Навучыцца звяртацца ў службу выратавання, карыстацца вогнетушыцелем, выбірацца з палаючага дома. І ўсё - у гульнявым фармаце. Цэнтры бяспекі ў Беларусі набіраюць папулярнасць. Экскурсаводы гатовы прымаць групы і ў будныя, і ў выхадныя. Такі паказчык - ацэнка паспяховасці праекта і матывацыя да пашырэння сеткі ўстаноў. Таму ў бліжэйшы час іх стане больш. Новы цэнтр гарадскога значэння з'явіцца ў Гомелі і дапаможа разгрузіць такі ж цэнтр абласнога маштабу. Рэпартаж Ганны Кавалёвай.

У жылым пакоі ўзгаранне. Памяшканне ў лічаныя хвіліны напоўнілася дымам. Бачнасць - амаль нулявая. Унутры - 10 дзяцей, якія спрабуюць знайсці выхад. На шчасце, усё гэта бутафорскае. Сірэна, дым, замыканне электраправодкі - элементы дапоўненай рэальнасці. Такая паласа перашкод для школьнікаў - навочны прыклад надзвычайнай сітуацыі. У цэнтры бяспекі Гомельскай вобласці можна віртуальна акунуцца ва ўмовы небяспекі і адпрацаваць усе правілы паводзін.

Пасля такога атракцыёна ў голас - адзін адказ. У суседнім пакоі таксама на практыцы дзяцей навучаць набіраць тэлефон службы выратавання і размаўляць з дыспетчарам. Затым - выкарыстанне вогнетушыцеля і выратаванне чалавечага жыцця. У дапамогу - інтэрактыў, IT-тэхналогіі і мультфільмы.

Кожны такі “інфакіёск” адаптуецца пад рост дзіцяці. Гэта беларуская распрацоўка. На экране - галоўны герой цэнтра "Выратавайка" ў даступнай форме расказвае правілы бяспечных паводзін дома ці на вуліцы.

Цэнтр пастаянна адаптуецца пад пару года і аператыўныя зводкі. Так, у зімовы перыяд - упор на правілы паводзін на лёдзе і прафілактыку сезоннага траўматызму. Усяго ж на двух паверхах цэнтра - 13 інтэрактыўных пляцовак. За 4 гады існавання іх прайшлі 57 тысяч чалавек розных узростаў з усёй вобласці. І ўсё ж галоўны арыенцір - на падрастаючае пакаленне.

На гэтым тыдні колькасць наведвальнікаў цэнтра ўзрасла ў паўтара раза.

 

Адна з прычын аншлагу - адзіныя дні бяспекі, якія стартавалі ў краіне 20 лютага і працягнуцца да 1 сакавіка. Такая ўвага, кажуць у цэнтры, нагода, каб пашыраць магчымасці ўстановы.

Дарэчы, гэты цэнтр бяспекі калісьці стаў для Беларусі першым у сваім родзе. Калі эфектыўнасць апраўдала сябе - падобныя ўстановы з'явіліся і ў іншых абласных цэнтрах. У найбліжэйшы час іх спіс папоўніцца яшчэ на адзін пункт - цэнтр бяспекі ўжо гарадскога значэння павінен з'явіцца і ў Гомелі.