Трэць білетаў сталічныя кінатэатры прадаюць праз Інтэрнэт

18 декабря 2014

Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар Мінсквідэапраката Васіль Коктыш у ходзе анлайн-канферэнцыі ў інтэрнэт-гасцёўні Белтэлерадыёкампаніі. Сёння ў сталічных кінатэатрах можна паглядзець фільм у дзень прэм’еры, як у Берліне і Лондане.

Васіль Коктыш, генеральны дырэктар УП “Мінскі кінавідэапракат”: "У нас зараз інтэрнэт-продажы ўзраслі. 30% прадаюцца білеты праз Інтэрнэт. У нас гэта сістэма развітая, мы яе будзем далей удасканальваць. Мы падключаемся да міжнароднай сістэмы рэнтрак. Гэта сістэма ўліку касавых збораў, гэта ўлік гледачоў, сеансаў, мы становімся празрыстымі для ўсяго свету".

Як паведаміў Васіль Коктыш, галоўная праблема Мінскага відэапраката – недахоп залаў. Але ж у наступным годзе новыя кіназалы адкрываць не будуць. У планах прадпрыемства рэканструкцыя кінатэатра “Перамога”, таксама рамонт сістэмы кандыцыянавання ў кінатэатрах “Аўрора”, “Бярэсце” і “Кіеў”. З-за адсутнасці фінансавання часова спынена будаўніцтва мультыплекса ў Каменнай Горцы.