Праект "Алімпійскі шлях" завяршае сваю дабрачынную місію

6 июля 2019

Пасля завяршэння Еўрапейскіх гульняў спартыўныя школы па ўсёй краіне атрымаюць дадатковыя сродкі на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы. Нагадаем, спіс атрымальнікаў выбіралі медалісты-рэкардсмены. Да прыкладу, чэмпіёнкі Марына Літвінчук і Вольга Худзенка абралі Мазырскую СДЮШАР. Установа з 40-гадовай гісторыяй і зараз рыхтуе будучых пераможцаў, на суму дапамогі плануе абсталяваць новую спартыўную залу. На радзіме беларускага веславання пабывала Ганна Кавалёва.

Будучае золата Еўрапейскіх гульняў кавалі тут, на палескай зямлі. Міхаіл Азёмша памятае, як упершыню да яго прыйшла юная Оля Худзенка. Да гэтага ні разу не бачыла лодак, былі праблемы з плаваннем. Але цвёрды характар дзяўчыны і вопыт першага трэнера зрабілі з яе чэмпіёнку.

Вольга Худзенка засталася вернай мазырскай зямлі. Дзяўчына і зараз жыве ў сталіцы Палесся. Тут жа заснавала сям’ю і гадуе дзіця яе калега – Марына Літвінчук. 

Увогуле Мазыр для Беларусі - гістарычнае месца. Тут выраслі першыя майстры спорту краіны. Затым былі небывалыя поспехі на рэспубліканскай, усесаюзнай, а затым і міжнароднай арэне.

Таму 15-тысячную прыбаўку да золата ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Марына Літвінчук і Вольга Худзенка вырашылі пералічыць менавіта Мазырскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву па веславанні, у якой, як і 40 гадоў таму, працягваюць рыхтаваць чэмпіёнаў. Дзякуючы гэтай падтрымцы тут змогуць абсталяваць новую спартыўную залу. 

Дарэчы, за залатымі кумірамі сённяшнія выхаванцы школы сачылі нягледзячы на шчыльны графік і трэніроўкі. І кожны ў гэтыя хвіліны перажываў разам з зямлячкамі.

І вось ён пераломны для беларускіх весляроў момант. 500 метраў да запаветнага золата пераадоленыя. Марына Літвінчук і Вольга Худзенка - пераможцы ІІ Еўрапейскіх гульняў.

Іх перамогу ўжо назвалі гістарычнай. Нашы беларускі абышлі лепшых у свеце. І за такім вынікам - трэніроўка даўжынёй з жыццё. У сваёй кар'еры яны ўзялі ўсе магчымыя спартыўныя ўзнагароды. Наперадзе толькі алімпійскае золата.