Судэксперты Беларусі правядуць выпрабаванні кітайскага абсталявання ў сферы генетычных даследаванняў

2 ноября 2016

Наконт гэтага стала вядома на выставе "Чалавек і бяспека", якая гэтымі днямі праходзіць у Мінску.

Размова ідзе пра так званы генетычны аналізатар ДНК, з дапамогай якога праводзяцца экспертызы па крымінальных і грамадзянскіх справах. Зараз у лабараторыях Беларусі ёсць аналагічнае дарагое абсталяванне амерыканскай вытворчасці. Пры паспяховым правядзенні выпрабаванняў будзе вырашацца пытанне наконт закупак таннейшых аналізатараў ДНК кітайскай вытворчасці ў падраздзяленні Дзяржкамітэта судовых экспертыз. Усяго для рэспублікі неабходна як мінімум пяць такіх прыбораў.

Ваньшуй Лі, кіраўнік дэлегацыі Міністэрства грамадскай бяспекі КНР: "Гэты прыбор выкарыстоўваецца ў судовых экспертызах, пры вызначэнні ДНК, пры ідэнтыфікацыі асобы, прымяняецца ў экспертных лабараторыях пры паліцэйскіх участках. Такіх налічваецца каля 550-ці па ўсім Кітаі".

Свае дасягненні на форуме "Чалавек і бяспека" дэманструюць больш за 60 кампаній з Беларусі, Расіі, Азербайджана, Украіны і далёкага замежжа.