Будаўнічая галіна мае пільную патрэбу ў новых тэхналогіях і ў інавацыйных кіраўніцкіх рашэннях

7 апреля 2013

Яшчэ адна сфера, якую абмяркоўвалі на гэтым тыдні, дзе маюць пільную патрэбу як у новых тэхналогіях, так і ў інавацыйных кіраўніцкіх рашэннях,  - гэта будаўнічая галіна. Так ужо сталася, што, калі чуеш пра яе, у першую чаргу ўяўленне малюе шэрыя шматпавярхоўкі, мёртвыя даўгабуды і тысячы незадаволеных дольшчыкаў. Гэта і рэцыдыў савецкага мінулага, і – на жаль – рэаліі сённяшнія. Зрэшты, дзеля справядлівасці трэба сказаць, што шэрасць дамоў - гэта яшчэ і спроба дагадзіць навасельцам, зрабіць квадрат таннейшым. Здавалася б, замкнёнае кола: не можа якаснае будавацца хутка і танна. Але, мяркуючы па тых аргументах, якія пачуў на тыдні наш карэспандэнт, ёсць варыянты. І вось тут менавіта і разумееш значэнне слова інавацыі. Так, танней пабудаваць - наўрад, але вось танней па эксплуатацыі з далейшай агульнай эканоміяй - рэальна. На фоне новых тарыфных змяненнящ - фактар важкі. Зрэшты, гэта словы. А як на справе? Ці не занадта гэта далёкая будучыня? Рэпартаж Яўгена Пуставога.


Нават ідэолагі Галівуда іронію над савецкім мінулым ствараюць на хрушчоўскіх будоўлях.


Вядома, будаўнічая галіна Беларусі пазбавілася ад шэрасці. Але пакуль спадчыны мінулага да канца не зжылі.


З усёй сур'ёзнасцю такую філасофію выкрыў Прэзідэнт. Каменя на камені Аляксандр Лукашэнка не пакінуў і  ад даўгабудаў, і ад іх кошту. Праблема будаўнічай галіны  аказалася ў топе абмеркаванняў самай маштабнай нарады па эканоміцы за гады незалежнасці.


Платформа для працы ёсць. Неабходна адшліфаваць яе  ў цэлым па галіне, як гэта зрабілі са сваімі сэндвіч-панэлямі гомельскія будаўнікі.      


Гледзячы на гэтыя сцены, можна завязваць гальштук. Люстраная паверхня, нават тынкаваць не трэба, - жартуе дырэктар завода па іх вытворчасці. А затым раскладвае ўсё па палічках. А дакладна,  па пластах.


Вырабляючы энергазберагальныя сцены, берагуць і свае рэсурсы. Толькі на інфрачырвоным абаграванні - у 5-6 разоў. А самі з паперы. Любой канфігурацыі і камп’ютарнай дакладнасці.                


Хрушчоўскія панэлькі па цеплаэфектыўнасці  - гэта балоневая куртка. Новыя шматпавярхоўкі - дыхтоўнае футра.


Радуе не толькі змест, але і форма. Ідэі навуковага лакаматыва галіны - Інстытут жылля - НДПТІБ Атаева - на рэйкі будаўніцтва паставілі гомельскія дойліды.   


Тыпавое жыллё больш не будаўнічы штамп, а архітэктурны крэатыў. Зараз індустрыяльны не толькі самы хуткі і танны, але і дэмакратычны метад.


Вядома, цана квадрата з праграмай памяншэння платы ў жыроўках  даражэйшая за сабрата з шэрай серыі. Але і акупляецца за пяцігодку. А выгляд дамоў, жаданая плошча кватэр і заказная планіроўка пакояў  застаецца.              


Прыкладна гэтак жа эфектыўна на найбуйнейшым будкамбінаце Гомельскай вобласці працуе прамысловае абсталяванне. Наглядны прыклад, як тут праводзяць мадэрнізацыю, -  вытворчасць вузлоў для жалезнага шкілета сэндвіч-панэляў.


Раней траціілі хвіліны, зараз секунды. А замест цэлай брыгады з аперацыямі спраўляецца адзін аператар лініі. Пакуль іншыя запускалі вытворчасць, на Гомельскім домабудаўнічым камбінаце запусцілі праграму перазагрузкі. 


Першы цэх на 70 тысяч квадратаў жылля ўжо дае Гомелю сучасныя дамы. Мадэрнізацыю другога пачнуць з гэтага года. Яго магутнасць - 120-140 тысяч жылых квадратаў. Вопыт гомельскага дамастрою - узор для 12 камбінатаў краіны.


А гэта магчымасць узяць палову ад жыллёвай праграмы - 2013. А да 2015 года 60% новабудоўляў зрабіць энергаэфектыўнымі. У Гомельскай вобласці гэтага ўжо дамагліся. У кожнага другога метра індустрыяльнага жылля ў горадзе бацька - мадэрнізаваны ДБК.