Статус гісторыка-мемарыяльнага прысвоены воінскаму пахаванню атрада партызан "Слаўны"

11 мая 2019

Урокі мінулага навучылі: порах трэба трымаць сухім. Мы памятаем гісторыю, і наш святы абавязак - не дапусціць яе паўтору. А яшчэ захаваць і перадаць нашчадкам у аповедах, беражлівым стаўленні да месцаў памяці і пахаванняў. Так, напярэдадні Дня Перамогі статус гісторыка-мемарыяльнага прысвоены яшчэ аднаму воінскаму пахаванню - загінуўшых у Клічаўскім раёне партызан легендарнага атрада "Слаўны". На яго рахунку дзясяткі знішчаных эшалонаў і гарнізонаў. Хаваючыся ў непрыступных балотах, ён не даваў спакою фашыстам доўгіх 30 месяцаў. Каб дабрацца да месца дыслакацыі байцоў, здымачная група Агенцтва тэленавін адправілася ў сапраўдную экспедыцыю. 

Расказвае Андрэй Ястрабаў.

Кіламетраў чатырнаццаць па бездаражы. Калі б не ўсепраходны "Урал" мясцовага лясгаса, давялося б нялёгка. Быццам пракладаў нам дарогу. З доўгімі прыпынкамі, каб пракапаць равы, асушыць лужыны, прыбраць з дарогі паваленыя дрэвы. Праз гадзіны мы дабраліся да пункта адліку - непраходных клічаўскіх балот. 

У складзе групы і Алег Зайцаў. Гэта ён, калі быў лесніком, дабраўся да вострава, дзе падчас вайны, паводле аповедаў мясцовых жыхароў, хаваліся партызаны. Калі ступіў на сушу, здзівіўся. 

Востраў Верамееўка. Менавіта на ім у балотах у гады Вялікай Айчыннай базіраваўся легендарны атрад "Слаўны". Гэта ў той час, калі вакол ужо была акупіраваная тэрыторыя. 8 месяцаў у тыле праціўніка нашы байцы не давалі спакою фашыстам. 

На рахунку "Слаўнага" - амаль 30 месяцаў дыверсій у тыле ворага. Сфарміраваны быў  у Маскве ў 42-м. У яго складзе з паўсотні майстроў спорту, чэмпіёнаў СССР, у тым ліку па плаванні, бегу, сусветны рэкардсмен-гіравік, васьміразовы чэмпіён па веславанні. Па варожым тыле прайшлі звыш паўтары тысячы кіламетраў. Дзясяткі разгромленых гарнізонаў, падарваных эшалонаў, звыш 3 000 забітых немцаў. А яшчэ вялізны аб'ём сабраных разведданых. 

Хто застаўся ў жывых з атрада, пасля ўспамінаў той страшны час.  

Нядзіўна, што за партызан была прызначаная ўзнагарода. За камандзіра 40 000 марак, не лічачы зямлі і лясных угоддзяў. Але не здаў ніхто. Бо да таго часу ў раёне было ўжо 16 партызанскіх атрадаў - амаль усё насельніцтва. Сыходзілі ваяваць з ворагам цэлымі школамі, распавядае Марыя Шалай. 

У тыя гады яна таксама была партызанкай. У свае 95 яна і зараз са слязамі на вачах успамінае загінуўшых сябровак. 

Не помнікі ставілі ў тыя гады на магілы партызан,  а вось такія драўляныя

слупы. З зоркай, прозвішчамі. А часта наогул проста пазначалі месца. У сваім ваенным дзённіку адзін з "слаўных" пісаў: пэўна, ніхто і ніколі не знойдзе іх у балотах. Знайшлі. 

Хоць і са слязамі на вачах, ды ўсё ж - свята. Самае дарагое і для Марыі Шалай. З падарункамі і, вядома, песнямі пад гармонік сёння для яе, для іх - партызан.