Салодкія бонусы ўвялі ў практыку ў адной з гаспадарак Маларыцкага раёна

25 октября 2019

У барацьбе за вынік усе сродкі  добрыя. Салодкія ва ўсіх сэнсах  бонусы  ўвялі ў практыку ў адной з гаспадарак Маларыцкага раёна. Тут вырашылі заахвочваць дзяцей за поспехі ў вучобе і плаціць прэмію па выніках чвэрці. Што ж, добрыя  інвестыцыі ў будучыя кадры для АПК. Бонусы дасталіся і жывёлам. Для павышэння якасці малака  кароў пачалі карміць шакаладам. Вынік эксперыменту  ацаніла Марыя Тройніч. 

Сістэму прэміравання ўвялі з новага навучальнага года.
Свой сярэдні бал шасцікласніца Аляксандра Саўчук зараз пераводзіць у грошы. Скончыла чвэрць на сямёрку - атрымала 25 рублёў. І гэта не ўзнагарода ад бацькоў, а прэмія ад мясцовага сельгаспрадпрыемства. Так арганізацыя матывуе дзяцей добра вучыцца і ісці працаваць у гаспадарку пасля заканчэння школы.
Сістэму прэміравання ўвялі з новага навучальнага года. Згодна з ёй, чым вышэйшы сярэдні бал,  тым большая прэмія. Выдатніца Ірына Карнеева лепшая вучаніца ў класе. За свае восем з паловай балаў у табелі яна атрымае да канікул дзве базавыя велічыні, а гэта 50 рублёў.
Вынікі будуць падводзіць напрыканцы кожнай чвэрці: прэмію школьнікам уручаць асабіста ў рукі. Разлічваць на яе могуць вучні з трэцяга па адзінаццаты клас. Такую навіну з захапленнем прынялі і дзеці, і бацькі.
У сярэдняй школе аграгарадка Хаціслаў  156 вучняў. Папярэдне, каля паловы з іх скончаць першую чвэрць на шэсць балаў і вышэй. Па словах дырэктара гаспадаркі "Хаціслаўскі", такая сістэма прэміравання для арганізацыі па сілах і  стане добрай інвестыцыяй у будучыя кадры.
А нядаўна ў гаспадарцы пайшлі на яшчэ адзін смелы эксперымент: паспрабавалі карміць кароў шакаладам. Купілі салодкі прадукт на шакаладнай фабрыцы і замянілі ім кармавую патаку. Ужо праз тыдзень гнядыя пачалі даваць  больш тлустае малако. Па словах навукоўцаў, у шакаладу вельмі багаты склад. Гэта не толькі паляпшае абмен рэчываў у жывёл, але і сапраўды ўзбагачае малако карыснымі элементамі. 
Яшчэ два гады  таму  жыццё прадпрыемства салодкім  назваць было нельга: яно лічылася стратным. Усё змянілася пасля таго, як "Хаціслаўскі" далучылі да аднаго з найбуйнейшых мясаперапрацоўчых заводаў. У новую тэхніку і рэканструкцыю ўклалі больш чым 6 мільёнаў рублёў. Каб намаганні  не прайшлі дарэмна, важна ўсё перадаць кваліфікаваным спецыялістам. Сёння сярэдні ўзрост работнікаў арганізацыі 40 гадоў. І калі своечасова не завабіць моладзь, арганізацыя можа адчуць кадравы голад.
Усяго на прадпрыемстве пяць з паловай тысяч жывёл. Убачыць, як жыве ферма, школьнікі змогуць ужо на зімовых канікулах. І гэта не звычайная экскурсія, а знаёмства з прафесіяй. Праца кожнага абавязкова будзе аплачана.
Зараз на прадпрыемстве прапрацоўваюць юрыдычны бок пытання, каб аформіць вучняў  на працу афіцыйна. Працаваць яны будуць у якасці памочнікаў. Такая своеасаблівая прафесійная школа пачне функцыянаваць  на базе гаспадаркі ўжо гэтым летам.