Беларуская каманда падрыхтавала візітоўку для "Еўрабачання"

3 апреля 2017

Візітоўку для "Еўрабачання" - самую вясновую - падрыхтавала беларуская каманда. Відэа здымалі ў першых чыслах красавіка. За адзін дзень артыстам трэба было змяніць 5 лакацый і чатыры касцюмы. Спатрэбілася і 12 гадзін здымак - і ўсё гэта дзеля 45-ці секунд відэа. Свае карэктывы ўнесла надвор'е, і падрыхтоўка расцягнулася на два дні. Чаму за гэты час навучыліся NaviBand, распавядзе Яўген Перлін.

Візітоўка - гэта той кароткі ролік, які гледачы "Еўрабачання" бачаць адразу ж перад выхадам артыста на сцэну. Усе папярэднія гады гэтыя міні-кліпы рыхтавалі здымачныя групы краіны - гаспадыні шоу. На гэты раз пайшлі на эксперымент. Украінскія арганізатары палічылі, што журналісты кожнай краіны змогуць лепш раскрыць вобраз свайго артыста. Ды і фінансавых выдаткаў для прадзюсараў менш.

Ілюзіі аптычныя, а эмоцыі сапраўдныя. Сёлета арганізатары "Еўрабачання" папрасілі зрабіць менавіта на эмоцыях. Візітоўку кожная краіна здымае самастойна.

Музей навукі стаў першай кропкай на карце здымак візітовак. Тут NaviBand прыйшлося ўспомніць прынцыпы аптычных ілюзій, а здымачнай групе - законы фізікі, каб у тым жа пакоі бясконцасці з люстэркамі не адлюстроўвацца разам з артыстамі.

Пасля эмацыянальных танцаў, NaviBand адправіліся распявацца разам з педагогам і бэк-вакалістамі. Рэпетыцыі ў артыстаў праходзяць практычна штодня, калі яны не ў прома-турах.

І калі выступленні ў фармаце ўтульнага канцэрта-кватэрніка для Navi - справа звыклая. І нават на пікніках ля сажалкі Мірскага замка яны бываюць часта. То, каб выклікаць эмацыянальнае ўзварушэнне, Ксенію і Арцёма паставілі на лонг-борды. Упершыню ў іх жыцці!

Візітоўку Беларусі будзе манціраваць кіеўская каманда "Еўрабачання". Ім трэба будзе выбраць удалыя планы і зрабіць прыгожую гісторыю аб нашай краіне і артыстах. Сёння ж NaviBand пачалі свой тыднёвы прома-тур. Да чацвярга артысты прабудуць у Ізраілі, дзе пройдзе адна з вечарынак "Еўрабачання", а ў пятніцу Ксенія і Арцём адправяцца ў Амстэрдам на канцэрт "Еўрабачання" - галоўную прэ-паці музычнага шоу.