Сёння Мінск стане сталіцай маладзёжнага руху

29 октября 2013

Два юбілеі адзначаюць актывісты Саюза моладзі - 95 гадоў Усесаюзнаму камсамолу і паўстагоддзя студатрадам Беларусі. У Мінск з'едуцца юнакі і дзяўчаты з усёй краіны. Упершыню ў гісторыі лепшых актывістаў будуць узнагароджваць на плошчы Дзяржаўнага флага, куды прыедуць і госці з Расіі.


Падрабязнасці ў рэпартажы Кацярыны Шыбко. Менавіта сёлета адразу два салідныя юбілеі. Для самай масавай маладзёжнай арганізацыі краіны гэта асаблівыя падзеі. 95 гадоў Усесаюзнаму камсамолу і паўстагоддзя беларускім студатрадам. Роўна 50 гадоў таму нашы студэнты паехалі ў Казахстан на будаўніцтва новай вуліцы, якую, дарэчы, пазней так і называлі - Студэнцкай.


Сёння яны яшчэ не раз будуць успамінаць, як гэта было. Для ўсёй моладзі час камсамола, бадай, адзін з самых яркіх і запамінальных. Лепшыя традыцыі зараз працягвае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Да вялікага юбілею юнакі і дзяўчаты рыхтаваліся загадзя. Гасцей форуму, прысвечанага важным гістарычным датам, абяцаюць здзівіць грандыёзным шоу і тэматычнай выставай. На адной з экспазіцый - уся гісторыя камсамола, пачынаючы ад зараджэння самай шматлікай арганізацыі постсавецкай прасторы.


А яшчэ арыгінальныя сцягі і нагрудныя знакі савецкага часу. Гэтыя ўзнагароды, як правіла, прысвойвалі лепшым студэнцкім атрадам. Сёння студатрадаўскі рух - адзін з прыярытэтных кірункаў работы беларускага маладзёжнага саюза.


З аднаго боку, у юнакоў і дзяўчат ёсць магчымасць летам падзарабіць (самая высокая зарплата сёлета - больш за 10 мільёнаў), з другога - сябе зарэкамендаваць. Нашы студэнцкія атрады працуюць на самых знакавых аб'ектах. Прычым, не толькі ў Беларусі.


Ігар Бузоўскі, першы сакратар ЦК ГА БРСМ: Мы шукаем падыходы ў развіцці заканадаўчай базы. Мы шукаем партнёраў на тэрыторыі іншых дзяржаў, у нас такія атрады ёсць і ў Расіі, і ва Украіне, і ў Польшчы і нават у Венесуэле - гэтая геаграфія дарагога вартая. Гэта вельмі цяжкая праца.


Форум, які юнакі і дзяўчаты назвалі Маладосць. Традыцыі. Будучыня, пройдзе ў выставачным цэнтры на праспекце Пераможцаў. Мінск на цэлы дзень ператворыцца ў цэнтр маладзёжнага руху. Моладзь з усіх рэгіёнаў краіны прапануе свае лепшыя праекты і абяцае прэзентаваць абсалютна новыя ідэі.


Упершыню ў гісторыі беларускага студатрадаўскага руху ўзнагароджваць лепшых сёння будуць на плошчы Дзяржаўнага флага. Для актывістаў гэта асаблівы гонар. На юбілей прыедуць нават госці з Расіі - кіраўнікі кампаній, у якіх працавала наша моладзь.