Малады брастаўчанін стварыў сайт па абмене месцамі ў дзіцячых садках

26 августа 2016

Гэтыя кірмашы наведваюць і бацькі з дашкалятамі. Ім таксама трэба рыхтавацца. Да дзіцячага садка. Дарэчы, пытанні ўладкавання дзяцей у дашкольныя ўстановы сёння асабліва актуальныя для вялікіх гарадоў. Каб дапамагчы бацькам, малады брастаўчанін стварыў сайт па абмене месцамі ў дзіцячых садках. На распрацоўку пайшло некалькі месяцаў. Пакуль паслуга даступная толькі жыхарамі горада над Бугам, але неўзабаве скарыстацца ёй змогуць сем'і сталіцы і нават малых гарадоў. Пра тое, як у рэгіёне сёння вырашаюць праблемы дашкольнікаў. Рэпартаж Вікторыі Патоні.

Аб праблеме з месцамі ў дзіцячых садках Ілья Новікаў чуў не раз. Гаворыць, пакуль няма сваіх дзяцей, паспрабаваў дапамагчы. SEO-спецыяліст стварыў сайт па абмене месцамі ў дзіцячых садках горада. Рэсурс абсалютна бясплатны. А за два месяцы яго паслугамі скарысталіся амаль сто чалавек.

Сем'і знаходзяць патрэбны варыянт на сайце, тэлефануюць адзін аднаму і ідуць у аддзел адукацыі для абмену. Ілья ўпэўнены: сёння знайсці адзін аднаго ў віртуальным свеце бывае прасцей, чым у рэальным. Магчымасці рэсурсу ўжо ацанілі спецыялісты і бацькі.

Дарэчы, праблема дэфіцыту месцаў у дзіцячых садках асабліва актуальная для буйных гарадоў. Толькі ў Брэсце попыт перавышае прапановы амаль на дзве тысячы месцаў.

З нецярпеннем чакаюць наваселля жыхары мікрараёна Паўднёвы. Праз лічаныя дні тут упершыню расчыніць дзверы яслі-сад - пачатковая школа. Комплекс разлічаны амаль на пяць сотняў дзяцей, траціна з якіх - дашкольнікі. Зараз тут ідзе апошняя падрыхтоўка, наводзіцца глянец і пахне новай мэбляй.

Для камплектацыі груп і класаў на працягу лета працавала спецыяльная камісія. Бо ахвотнікаў трапіць сюды нямала. У двухпавярховым корпусе размесцяцца 16 класаў і 8 груп. Для развіцця дзіцяці ёсць усё: спартыўныя пляцоўкі, музычная зала, басейн і нават сенсорны пакой.

Усяго ў вобласці створана больш за 65 тысяч месцаў у дзіцячых садках. Разам з тым траціна малышоў, залічаных у дашкольныя ўстановы, іх не наведваюць. Праблему дэфіцыту месцаў у рэгіёне таксама вырашаюць паступова.

Юрый Прасмыцкі, начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама:

"У той час, калі мы знаходзіліся ў адмоўнай статыстыцы па нараджальнасці, шматлікія памяшканні ў дзіцячых садках былі перапрафіляваны ў музычныя і спартыўныя кабінеты. І зараз гэтыя памяшканні вяртаюцца, у іх адкрываюцца зноў групы".

У найбліжэйшыя пяць гадоў у рэгіёне плануецца будаўніцтва васьмі дзіцячых садкоў, тры ўзвядуць у Брэсце. А Ілья Новікаў ужо зараз працуе над новым інтэрнэт-рэсурсам, каб заяўкі і прапановы па абмене месцамі ў дзіцячых садках на сайце маглі бачыць ужо не толькі жыхары Брэста, але і ўсёй краіны.