Дзеля добрай мэты. Марафон "24 РАЗАМ" праходзіць у Беларусі

16 августа 2019
У Мінску сабраліся тыя, хто, можа, знешне і не падобны, а вось погляды ў іх адзіныя - агульная добрая справа - тое, што іх аб'ядноўвае. Унікальны дабрачынны марафон "24 РАЗАМ" у дапамогу дзецям з аўтызмам стартаваў сёння. Сутнасць акцыі простая - за суткі трэба прабегчы або праплысці ўвогуле 10 тысяч гадзін. Тады партнёр праекта пералічыць 50 тысяч рублёў  дзецям. Удзел у марафоне прымаюць вядомыя спартсмены, артысты і медыйныя асобы. На старце і каманда Агенцтва тэленавін. На прамую сувязь выходзіць наш карэспандэнт Крысціна Камыш.

Старт 24-гадзіннаму забегу быў дадзены ў 18:00. Заўтра ў 12:00 у плавальным басейне "Трактар" па вуліцы Даўгабродскай, 37 пачнецца 6-гадзінны заплыў. Фініш усёй акцыі ў 6 вечара ў суботу. За гэты час трэба, каб актывісты набегалі або наплавалі ўвогуле 10 тысяч гадзін. Тады дабрачынны партнёр праекта -  відэасэрвіс VOKA -  пералічыць 50 тысяч рублёў. Дапамога будзе аказана арганізацыі "Дзеці. Аўтызм. Бацькі" і праекту "Спорт-інклюзія", які курыруе Аляксандра Герасіменя.

Ахвотнікам для ўдзелу ў акцыі варта зарэгістравацца або на сайце марафону "24 РАЗАМ", або непасрэдна на месцы старту. Нейкіх лімітаў  няма. Чым больш нас, тым лепш. Бегчы або плыць можна колькі захочаш. А яшчэ можна далучыцца да адной з зорных каманд. І вось тут вочы, праўда, разбягаюцца. Знакамітыя беларускія спартсмены вядуць за сабою: Дар'я Домрачава, Марына Арзамасава, Аляксандра Сасновіч, Марына Слуцкая, Дзмітрый Асанаў. Бягуць прадстаўнікі гандбольнага СКА, футбольнага БАТЭ, хакейнага "Дынама".

Калі няма магчымасці быць на стадыёне або ў басейне,  не бяда. У праекце можна паўдзельнічаць з любога пункта свету. Для гэтага дастаткова прабегчы або праплысці, але абавязкова выкарыстаць дадатак, які лічыць час. Зрабіць скрыншот фінальных лічбаў. Выкласці яго на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках з хештэгам #VOKA24. І гэтыя хвіліны пойдуць у залік.