Наступствы цыклону "Томас"

18 сентября 2017

Паваленыя ветрам дрэвы і паўсотні адключэнняў электрычнасці - наступствы цыклону “Томас” у Мінскай вобласці.

Гэта кадры паваленых дрэў на дарогах Мінскага раёна і сталіцы па вуліцах Янкі Маўра, Камсамольскай і завулку Казлова. Ніхто не траўміраваны, але на Першамайскай падзеннем дрэва была пашкоджана кантактная трамвайная сетка. Часова рух трамваяў спынялі.

Небяспечная абстаноўка з-за шквалістага ветру была сёння і ў іншых населеных пунктах. Такія відэакадры мы атрымалі са Слуцкага раёна. У ім, а таксама ў Мінскім і Маладзечанскім аварыйныя брыгады аператыўна ліквідуюць адключэнні святла.

Непагадзь не паўплывала на працу Нацыянальнага аэрапорта. Ён працуе ў штатным рэжыме, службы гатовы да рэзкіх змяненняў метэаўмоў.