Завяршыўся першы дзень Пятага Усебеларускага народнага сходу

22 июня 2016

Галоўная грамадска-палітычная падзея пяцігоддзя, якая ўвойдзе ў гісторыю - Пяты Усебеларускі народны сход - стартавала сёння ў Мінску.

Роўна гадзіну таму ў Палацы Рэспублікі завяршыўся першы дзень працы форуму. Маштабнае мерапрыемства адкрыў Кіраўнік дзяржавы. Сімвалічна, што краіна закладвае падмурак новай беларускай эканомікі менавіта сёння 22 чэрвеня: 75 гадоў таму ў гэты дзень наш народ згуртаваўся і аб'яднаў усе сілы дзеля агульнай святой справы - пачалася Вялікая Айчынная вайна. Адкрываючы Усебеларускі сход, Кіраўнік дзяржавы прапанаваў дэлегатам і гасцям форуму ўшанаваць хвілінай маўчання памяць тых, хто цаной уласнага жыцця абараніў суверэнітэт і незалежнасць Беларусі.

Выступаючы з дакладам, Кіраўнік дзяржавы закрануў усе сферы жыцця краіны. З трыбуны прагучалі планы па аптымізацыі працы дзяржапарата, умацаванні сувязяў з асноўнымі партнёрамі Беларусі і пошуку новых, Прэзідэнт таксама закрануў у сваім выступленні тэму бяспекі краіны і захавання найважнейшага прыярытэту - мірнага жыцця. Частку дакладу Аляксандр Лукашэнка прысвяціў сацыяльнай палітыцы. Плануецца, што да 2020 года ў нашай краіне будуць рэалізоўвацца больш як 2 дзясяткі дзяржаўных праграм. Пры гэтым каля дзвюх трэцяў бюджэтных сродкаў будуць інвеставаныя менавіта ў сацыяльную сферу. Гэта, у першую чаргу, медыцына, адукацыя, культура, падтрымка сем'яў і сацыяльная абарона грамадзян.

Асобным блокам у дакладзе Кіраўніка дзяржавы стала эканоміка. За мінулыя пяць гадоў у гэтай сферы зроблена нямала: мадэрнізаваныя базавыя галіны эканомікі, завяршаецца тэхнічнае абнаўленне дрэваапрацоўчых вытворчасцяў, засвоена серыйная вытворчасць легкавых аўтамабіляў, выпушчаны самы магутны самазвал грузападымальнасцю 450 тон - і гэта далёка не ўсе паспяховыя праекты. У прыярытэце на наступныя пяць гадоў - пераход да зялёных тэхналогій і эканомікі ведаў. Аднак усе змяненні павінны адбывацца шляхам эвалюцыі, а не шокавай тэрапіі.

Нагадаем, маштабны дыялог беларусаў працягнецца і заўтра - сёння ж дыскусія завяршылася ў фармаце "свабоднага мікрафона". Больш як 2 з паловай тысячы дэлегатаў у гэтыя дні вызначаюць лёс краіны на найбліжэйшыя пяць гадоў. Удзельнікі прадстаўляюць практычна ўсе буйныя прадпрыемствы краіны, а таксама рэгіёны Беларусі. На Усебеларускі народны сход таксама запрошаныя і госці з 55 краін.