Падарункі за эрудыцыю

31 августа 2019

Напярэдадні Дня ведаў пераможцам інтэлектуальнага шоу ўручылі суперпрызы. Трыумфатары сумеснага праекта Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства адукацыі "Я ведаю!" выйгралі інтэрактыўныя панэлі для сваіх навучальных устаноў. Адразу дзве разумныя сістэмы адправіліся ў Чэрвень, яшчэ адзін каштоўны прыз для сваёй школы заваяваў жыхар Мінска. З пераможцамі другога сезона тэлевізійнай бітвы інтэлектуалаў  сустрэлася Наталля Кузьміцкая.

Незвычайная экспрэс-дастаўка прыехала з Мінска ў Чэрвень. Спецыяльная пасылка ад Белтэлерадыёкампаніі. Атрымальнік - Паша Барбук, пераможца другога сезона тэлевізійнага шоу "Я ведаю!".

Адбор, а потым і ўсе туры інтэлектуальнай тэлебітвы школьнік прайшоў у лідарах турнірнай табліцы.

Хуткія, а галоўнае правільныя адказы і ў суперфінале прывялі тады яшчэ 8-класніка да перамогі. Акрамя персанальных прызоў за талент і эрудыцыю, акурат да Дня ведаў і новая інтэрактыўная панэль - падарунак роднай школе.

Алімп інтэлектуальнага шоу "Я ведаю!" у другім сезоне пакаралі адразу  сем юных жыхароў Чэрвеня. Тры з іх прайшлі ў фінал, два ў выніку сталі пераможцамі. Разам з Пашам і гімназістка  Анастасія Дзегцярова. Мастацтва, гісторыя, прыкладныя навукі -  здаецца, няма той галіны ведаў, якая не знаёма 11-класніцы.

Падарункі праекта на гэтым тыдні прымала і сярэдняя школа № 141 горада Мінска. Сэнсарную панэль новага пакалення пачнуць актыўна выкарыстоўваць ужо праз  некалькі дзён. Магчыма, яна дапаможа падрыхтаваць яшчэ больш інтэлектуалаў для тэлевізійнай віктарыны.

Дарэчы, хутка інтэлектуальнае шоу вернецца ў тэлеэфір. У новым сезоне "Я ведаю!" арганізатары рыхтуюць яшчэ больш цікавых і  крэатыўных пытанняў для юных эрудытаў.