У Мінску стартаваў сезон кінапаказаў пад адкрытым небам

10 июня 2017

Ігравое, эксперыментальнае і дакументальнае. У Мінску ўжо трэці раз стартаваў сезон кінапаказаў пад адкрытым небам. Аматары кіно збіраюцца разам, каб ацаніць стужкі незалежных беларускіх рэжысёраў на свежым паветры. Сёлета лакацыя для рэалізацыі незвычайнага кінатэатра - Гістарычны музей Беларусі.

Падрабязней - Дар'я Тарасава. Гістарычны музей Беларусі дастаў са сваіх стэлажоў не толькі каштоўныя экспанаты, але і архіўную відэаплёнку. Кароткаметражныя стужкі беларускіх рэжысёраў праецыруюць непасрэдна тут, у арт-панадворку сховішча каштоўнасцяў. Сёлета экранам для паказу фільмаў выступіў фасад Палаца шахмат і шашак.

У гэтым імправізаваным кінатэатры вы, мабыць, ніколі не пачуеце каманду затушыць святло. Кінапаказы пачынаюцца разам з заходам сонца. Першы вечар Белкіналета прысвяцілі прагляду кінахронікі. Гледачам прапанавалі архіў беларускага кінаклуба, які зараджаўся ў галерэі Шчамялёва яшчэ 10 гадоў таму. Менавіта тады лічбавая відэаздымка стала больш даступнай. Дарэчы, на ​​кожным такім вулічным сеансе кінаманы змогуць ацаніць каля шасці карцін. Паказваюцца фільмы як маладых, так і ўжо прызнаных рэжысёраў.

Усяго мінчан чакае 7 кінапаказаў пад адкрытым небам. Некалькі рэжысёраў асабіста прэзентуюць свае стужкі. Хоць кінафорум і спецыялізуецца на кароткаметражках, сёлета ўпершыню прадэманструюць поўны метр. Гэта праца беларускага рэжысёра Мікіты Лаўрэцкага "Каханне і партнёрства", якая была адзначана на міжнародным кінафестывалі "Лістапад".

Прагляд фільмаў у фармаце опэн-эйр становіцца па-сапраўднаму модным. За кінакасу ў гэтым сезоне, апроч Гістарычнага музея, пазмагаецца і майстэрня Азгура, якая прапаноўвае гледачу праект "Кінема". Гэта нямое кіно ў суправаджэнні жывой музыкі.