Першы цягнік для сталічнай падземкі прадэманстраваў "Штадлер-Мінск"

20 марта 2019

Усё з улікам зручнасці і бяспекі: сядзенні, што паўтараюць форму чалавечага цела, скразныя пралёты ад галавы да хваста састава  і асобны выхад для эвакуацыі пасажыраў  у тунэль.

На кузаве галаўнога вагона ўсталяваны лічбавыя камеры відэаназірання ўздоўж састава. Яшчэ па 4 камеры  ў кожным з вагонаў. Салоны абсталяваныя месцамі для падзарадкі мабільных тэлефонаў, а таксама  сістэмай кандыцыянавання. Усяго для сталічнай падземкі "Штадлер-Мінск" вырабіць 10 цягнікоў, 6 з якіх будуць курсіраваць па трэцяй ветцы метро.

Петэр Шпулер, старшыня савета дырэктараў, уладальнік групы кампаній "Штадлер":  "Сем гадоў  таму мы тут пачыналі працу,  і гэта было проста зялёнае поле. За гэты час мы дасягнулі вельмі высокай якасці вытворчасці. Я не перастаю здзіўляцца такім вынікам. Як уладальнік канцэрна я магу толькі выказаць словы захаплення і падзякі ўсім супрацоўнікам”. 

Аляксандр Турчын, першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Гэтае прадпрыемства паказвае і даказвае на практыцы, што ў Беларусі спакойна могуць функцыянаваць прадпрыемствы, на якіх прадукцыйнасць працы такая ж, як у Еўропе”. 

Дагавор на пастаўку цягнікоў для мінскага метро быў падпісаны ў 2017 годзе. Распрацоўка поўнасцю беларуская.