Шымон Перэс будзе пахаваны ў пятніцу на гары Герцля ў Іерусаліме

28 сентября 2016

Дзяржаўная цырымонія развітання з экс-прэзідэнтам Ізраіля запланавана на заўтра. Найвялікшы палітык памёр сёння ноччу ў бальніцы Тэль-Авіва. Яму было 93. Два тыдні таму Перэса шпіталізавалі з інсультам. А напярэдадні, калі стан пацыента рэзка пагоршыўся, сваякоў запрасілі для развітання.

Шымон Перэс займаў пасаду кіраўніка дзяржавы Ізраіль  з 2007 па 2014. Яго палітычная кар'ера  беспрэцэдэнтная.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя народа і сябе асабіста выказаў спачуванні Прэзідэнту Ізраіля, народу гэтай краіны, родным і блізкім Шымона Перэса. "З глыбокім смуткам і болем успрынялі ў Беларусі паведамленне аб смерці Шымона Перэса - знакамітага палітычнага дзеяча, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, аднаго з сусветна вядомых прадстаўнікоў пакалення заснавальнікаў Ізраіля, якія нарадзіліся на беларускай зямлі. Добрая памяць аб ім застанецца з намі назаўжды", - гаворыцца ў спачуванні.

Расказвае Юрый Казлоў.

Палітычная кар'ера Шымона Перэса доўжылася больш чым 70 гадоў. Вядомы дзяржаўны дзеяч Ізраіля нарадзіўся ў беларускай глыбінцы - вёсцы Вішнева (зараз гэта Валожынскі раён) у 1923 годзе.

Бацька Сені Перскага (пад такім імем Перэса ведалі на малой радзіме) быў скупшчыкам піламатэрыялаў, маці - бібліятэкарам і настаўніцай рускай мовы. У 2013 годзе, да 90-годдзя экс-прэзідэнта Ізраіля, у Вішневе была адкрыта мемарыяльная дошка ў яго гонар. Аднакласнікі палітыка сусветнага ўзроўню ахвотна дзяліліся ўспамінамі.

Менавіта ў Вішневе ва ўзросце чатырох гадоў Перэс пачаў пісаць першыя вершы. Гэтае захапленне палітык захаваў на ўсё жыццё. У Ізраілі яго работы высока ацэньвалі крытыкі.

Вішнева працягвае захоўваць памяць пра свайго знакамітага выхадца. У многіх мясцовых жыхароў засталіся фатаграфіі з земляком - ён прыязджаў на малую радзіму ў 1998-м. Сапраўднай славутасцю стаў і калодзеж на падворку Перэсаў. Гавораць, вада ў ім гаючая. Сама ж хата экс-прэзідэнта Ізраіля не захавалася - падчас вайны яе спалілі гітлераўцы.

Зрэшты, да пачатку Вялікай Айчыннай жыллё Перэсаў ужо пуставала. У 1934-м Шымон з маці і малодшым братам рэпатрыіраваліся. У Ізраілі Перэс атрымаў адукацыю і нейкі час працаваў фермерам. Кар'еру ў якасці дзяржкіраўніка пачаў у Мінабароны.

Удзельнічаў у рэформе ведамства і ўрэгуляванні Суэцкага крызісу. Непасрэдна ў палітыцы ўпершыню паспрабаваў сябе ў 1959-м, калі быў абраны дэпутатам. Кумірам Шымона Перэса быў Давыд Бен-Гурыён - першы прэм'ер-міністр Ізраіля. У яго Перэс пераняў мэтанакіраванасць, здольнасць хутка прымаць рашэнні і адказваць за іх. Менавіта Перэс з'яўляецца адным з заснавальнікаў дактрыны "Ніякіх перамоў з тэрарыстамі".

Напрыканцы 70-х, калі быў міністрам абароны, ён спланаваў аперацыю па вызваленні заложнікаў з выкрадзенага экстрэмістамі лайнера. Тэрарысты, якія пасадзілі самалёт ва Угандзе, пагражалі забіць усіх пасажыраў-яўрэяў, але былі ліквідаваныя падчас вокамгненнага рэйду ізраільскіх камандас.

У Ізраілі Перэса называюць ветэранам вялікай палітыкі. У розныя гады ён узначальваў Мінабароны, МЗС, МУС, Мінфін, міністэрствы транспарту, сувязі. Двойчы займаў пасаду прэм'ер-міністра.

Дарэчы, на пасадзе міністра замежных спраў Шымон Перэс прытрымліваўся палітыкі кампрамісаў - яму ўдалося сур'ёзна палепшыць адносіны з арабскімі дзяржавамі. У 1994-м за намаганні па дасягненні міру ў рэгіёне атрымаў прэмію міру - Перес падзяліў яе з Ясірам Арафатам і Іцхакам Рабінам. Стаўшы кіраўніком дзяржавы ў 2007-м, палітык працягваў прытрымлівацца канцэпцыі новага Блізкага Усходу - рэгіёна, у якім яўрэі і арабы жылі б у міры. На жаль, канец прэзідэнцтва Перэса быў азмрочаны серыяй буйных лакальных сутычак.

13 верасня сусветныя СМІ паведамілі, што экс-кіраўнік Ізраіля перанёс інсульт. У гэты ж дзень яго ўвялі ў штучную кому.