Адкрыццё і закрыццё II Еўрапейскіх гульняў падрыхтуюць разам з Ігарам Крутым

9 октября 2018

Сёння стала вядома, што адкрыццё і закрыццё II Еўрапейскіх гульняў у руках саюзнай творчасці. Тэхналагічную частку сумеснага праекта на сябе ўзяла кампанія народнага артыста Расіі Ігара Крутога.

Падрабязнасці сёння абмеркавалі ў Белдзяржфілармоніі. Бо менавіта яна галоўны арганізатар і падрадчык абедзвюх цырымоній. Асноўныя крытэрыі выбару - вопыт і якасць правядзення відовішчных мерапрыемстваў. У партфоліа кампаніі Крутога цырымоніі адкрыцця і закрыцця зімовых азіяцкіх Гульняў у Алмаце, Сусветная ўніверсіяда ў Казані, конкурсы "Новая хваля" ў Сочы. Для Беларусі распрацуюць эксклюзіўны літаратурны сцэнарый і адаптуюць яго тэхнічна.

Хронаметраж шоу ужо вядомы. Згодна з міжнароднымі стандартамі - 2 гадзіны і 10 хвілін. Рэпетыцыі пачнуцца ўжо ў маі. А вось на галоўнай пляцоўцы - стадыёне "Дынама" - усяго за тыдзень да маштабнай падзеі. Нагадаем, да II Еўрапейскіх гульняў застаецца 255 дзён. У чэрвені ў Мінск прыедуць больш за 4 тысячы спартсменаў з 50 краін.