Фестываль дзіцячай творчасці "Маленькая зорка" прайшоў у Мінску

11 апреля 2016

Паўтысячы дашкольнікаў паказалі гледачам свае таленты. Падчас свята ладзілі майстар-класы і выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Кульмінацыяй фестывалю стаў гала-канцэрт. Юлія Токар  ацаніла творчыя здольнасці дзяцей.

Аб'ёмны квілінг, вышыванкі і аўтарскія цацкі. На майстар-класах пад наглядам педагогаў маленькія выхаванцы старанна ствараюць свае саламяныя кветкі, размаляваныя керамічныя вазы і стракатыя вязаныя габелены. На фестывалі дзіцячай творчасці «Маленькая зорка» асаблівае месца адведзена дэкаратыўна-прыкладному мастацтву.

Творчы конкурс стаў ужо традыцыйным, і ў Маскоўскім раёне сталіцы ладзіцца  адзінаццаты раз. Сёлета ў фінал выйшлі больш за паўтысячы выхаванцаў дзіцячых садкоў. Гэта аўтары самых лепшых і цікавых кампазіцый. 

Праявіць сябе можна было ў самых разнастайных намінацыях і жанрах: дэкаратыўна-прыкладное, вакальна-харавое і танцавальна-харэаграфічнае мастацтва. І калі першы паверх 26-й школы, дзе і праходзіў фестываль, ператварыўся ў майстэрню, то на другім  ладзілася выстава макетаў, прысвечаная  дню нараджэння Маскоўскага раёна.  Яму  39.

А вось тут аб'ядналі ідэі для будучага развіцця раёна. На макетах  паменшаныя копіі сучасных аэрапортаў, новых спартыўных пляцовак і нават рэлакс-комплексаў. Усё зроблена з падручных матэрыялаў: кардону, пластыку, нітак і дзіцячых цацак.

Выхавальнікі 199-га дзіцячага садка разам з дзецьмі ў тэхніцы модульнага арыгамі распрацавалі эксклюзіўны аздараўленчы комплекс. Тут і басейн з мінеральнай вадой, энімал-тэрапія і фіта-кафэ.

Фестываль - своеасаблівая творчая пляцоўка, якая адкрывае новыя маленькія зоркі. Для многіх гэта першая прыступка да вялікіх музычных ці танцавальных перамог.