Аўтаўладальнікі ў Новы год павінны "заехаць" з абноўленай аптэчкай

29 декабря 2016

З 1 студзеня ў сілу ўступае пастанова Міністэрства аховы здароўя аб складзе медыцынскага аўтамабільнага набору. Пералік зацверджаны 2 гады таму. Даўно ў продажы і абноўленыя аптэчкі.  Штрафаваць за няпоўны набор пакуль не будуць. Але вось тэхагляд без новай аўтааптэчкі вадзіцелі не пройдуць. З медыцынскага чамаданчыка выключылі валідол і нітрагліцэрын. Больш дадалі перавязачнага матэрыялу. Што неабходна вазіць з медыкаментаў з 1 студзеня - раскажа Алена Ляшкевіч.

Перагледзець пералік утрымання аўтамабільнай аптэчкі вырашана было пасля спецыяльнага аналізу. Яна знаходзіцца ў машыне і ў мароз, і ў спякоту. Некаторыя яе кампаненты - таблеткі, да прыкладу,  пры такіх умовах страчваюць свае лячэбныя ўласцівасці. А падчас ДТЗ, як паказала практыка,  часцяком кіроўцу  дзесяці сантыметраў сурвэткі, як патрабавалася раней, было мала.

Вырашана было ўбраць з аптэчкі валідол і нітрагліцэрын, і гумовыя пальчаткі. Іх кожны можа вазіць з сабою па неабходнасці. Як і іншыя сродкі ў залежнасці ад асаблівасцяў стану кіроўцы. Новая медыцынская аўтамабільная аптэчка  не стала большай або даражэйшай.

Такім чынам, з чаго яна зараз складаецца? У абавязковым парадку неабходна вазіць з сабою ёд, аміяк - зараз па адным мілілітры для зручнасці выкарыстання, а не па 10, як было раней. Бінты шырынёй не менш як 10 сантыметраў. Вата - не абавязкова стэрыльная. Лейкапластыр. І нажніцы - яны павінны быць не менш як 13 сантыметраў, каб пры неабходнасці хутчэй перарэзаць перавязачны матэрыял.

Укамплектаваць сваю аптэчку можна самому. Гэта галоўная асаблівасць новых правілаў. І не абавязкова, каб медыкаменты захоўваліся ў чамаданчыку. Для гэтага можна выкарыстаць любую зручную ёмістасць.

Калі хтосьці не паспее абзавесціся новай аптэчкай да першага чысла, гэта не значыць, што такіх кіроўцаў будуць штрафаваць. Яны са старой толькі не пройдуць тэхагляд. Штраф можна атрымаць ад  ДАІ за яе адсутнасць.

Станіслаў Салавей, старшы інспектар па асабовых даручэннях УДАІ МУС Беларусі: "Правіламі дарожнага руху прадугледжана, што ў аўтамабілі павінна знаходзіцца аўтамабільная аптэчка. Калі такой няма, прадугледжаны штраф у памеры да адной базавай велічыні. І кіроўцы павінны самі быць зацікаўленыя ў тым, каб яна была і была напоўненая па ўсіх правілах".

Як лічаць у Міністэрстве аховы здароўя, з новай аўтамабільнай аптэчкай  кіроўцам будзе больш зручна аказаць першую  дапамогу. Да прыезду медыкаў. Што і патрабуецца падчас ДТЗ ад шафёра. А выбар, чым лячыць пацярпелага, ужо зробяць спецыялісты.