Незвычайная гісторыя Белай царквы

26 марта 2014
У народзе - Белая царква, а афіцыйна - Свята-Мікалаеўскі гарнізонны храм. За 160 гадоў ён бачыў многае. У пачатку мінулага стагоддзя быў галоўным воінскім саборам Заходняй прыгранічнай акругі. Сёння ўключаны ў экскурсійны маршрут Брэсцкай крэпасці. У Вялікую Айчынную ён служыў сховішчам, а на сценах царквы чырвонаармейцы пісалі, што не здадуцца.


Пра тое, як выжыла святыня, - рэпартаж Вікторыі Патоні.

Гэтая святыня адрозніваецца ад шматлікіх храмаў Беларусі. Сваёй гісторыяй і архітэктурай. Пабудаваны сабор у стылі візантыйскай аднакупальнай базілікі. Уражвае ўнутранае ўбранне: калоны, тры нефы, нехарактэрны для праваслаўных цэркваў амбон. Храм неаднаразова пераходзіў з рук у рукі. Каталікі перабудавалі яго дах да непазнавальнасці і ператварылі ў касцёл. У савецкі час тут быў гарнізонны клуб. У першыя дні Вялікай Айчыннай за будынак храма вяліся жорсткія баі.

Ганна Кавальчук, навуковы супрацоўнік Музея абароны Брэсцкай крэпасці: Чырвонаармейцы рабілі ўсё магчымае, каб выбіць адгэтуль праціўніка. Справа ў тым, што будынак меў важнае стратэгічнае значэнне. Ён знаходзіўся ў самым цэнтры крэпасці на невялікім узвышэнні, што дазваляла гітлераўцам весці назіранне. І нават пры дапамозе невялікай пераноснай радыёстанцыі яны маглі карэктаваць агонь па чырвонаармейцах.

Ён бачыў смерць сотняў людзей і сам гарэў у агнях дзвюх сусветных войнаў. Але моцныя сцены вытрымалі. І як лічыць настаяцель храма Мікалай Кудласевіч, царква ўвесь час пад абаронай святых, у гонар якіх асвяцілі храм, - Мікалая Цудатворца і святога пакутніка Іёна Воіна. З 1994 года паўразбураны сабор быў перададзены епархіі. Вернікі ўзяліся за аднаўленне святыні. Два апошнія дзесяцігоддзі ў царкве зноў вядзецца набажэнства, у тым ліку спраўляюць паніхіды па загінуўшых воінах.

Мікалай Кудласевіч, настаяцель Свята-Мікалаеўскага гарнізоннага сабора: Вядома, храм захаваў у сабе больш памяці, чым наша чалавечая памяць. Людзі, што бачылі тыя падзеі, - іх ужо даўно няма. Прыходзім мы ў храм і гэта бачым. Калі вы ўспамінаеце першую сусветную вайну, ад снарада ў алтарнай частцы ў купале ёсць выбоіна. Пра другую сусветную вайну тут кожны кут, кожная цагліна на сабе мае адбітак гэтай вайны.

Сёння па выглядзе храма нават і не скажаш, што ён нямы сведка столькіх страшных падзей.
Калі прыгледзецца, са знешняга боку, у алтарнай частцы будынка, - след ад снарада часоў Вялікай Айчыннай. Гэтую рану ў абраза Спас нерукатворны рэстаўратары пакінулі наўмысна, як напамінак аб подзвігу абаронцаў цытадэлі і разбуральнай сіле войнаў.

У пачатку двухтысячных душа Брэсцкай крэпасці вярнула сабе голас. Сёння гэта самы звонкі праваслаўны храм у краіне па колькасці званоў: іх 17.

Рэстаўрацыйныя работы ў царкве працягваюцца. Да Вялікадня ў верхнім храме плануюць усталяваць новы іканастас - копію арыгінальнага.