Медаля Флорэнс Найтынгейл удастоеная беларуская медсястра Галіна Кулагіна

16 мая 2019

Яна прысвяціла сваё жыццё клопату аб людзях, дзякуючы яе падтрымцы тысячы пацыентаў паверылі ў сябе і перамаглі страшныя хваробы. Праз паўстагоддзя ў медыцыне беларуская медсястра Галіна Кулагіна ўдастоеная медаля Флорэнс Найтынгейл. Гэта найвышэйшая ўзнагарода, якую ўручаюць раз на два гады лепшым медсёстрам свету. Аб прызнанні сусветнага ўзроўню - Юлія Грызунт.

Паўстагоддзя Галіна Кулагіна правяла ў медыцынскім халаце. Прайшла доўгі шлях ад размеркавання ў туберкулёзную бальніцу да паста галоўнай медсястры Рэспубліканскага цэнтра рэабілітацыі і бальнеалячэння ў 1987 годзе. Тады гэта была бальніца, дзе праходзілі лячэнне дзеці, пацярпелыя ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. 

Галіна Кулагіна, галоўная медсястра ДУ "Рэспубліканскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння": "Прафесія медсястры непрыметная, і праца здаецца непрыметнай, і часцей за ўсё пацыент звяртаецца да доктара. Але гэтая праца вельмі важная. Чалавек нараджаецца і сустракаецца з медсястрой, і вочы часцей за ўсё закрывае медсястра. На мой погляд, гэта самая значная прафесія".

Зараз пра заслугі Галіны Кулагінай ведаюць далёка за мяжой. Дарэчы, гэта яна сабрала ўсіх медсясцёр краіны ў адно аб'яднанне і ў нечым дзякуючы ёй міжнароднае свята Дзень медыцынскай сястры, які адзначаюць у свеце 12 мая, пачалі святкаваць і ў нашай краіне. Сёлета Галіна Кулагіна ўдастоеная медаля Флорэнс Найтынгейл. Гэта найвышэйшая ўзнагарода медсясцёр, якую ўручаюць раз на два гады 50 лепшым медсёстрам свету. 

Святлана Южык, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства здароўя Беларусі па арганізацыі працы медпрацаўнікоў з сярэдняй спецыяльнай медыцынскай і фармацэўтычнай адукацыяй: "Усяго ў свеце на 2017 год было ўзнагароджана 1473 працаўнікі такім медалём. У Беларусі - 12 чалавек. 6 чалавек узнагароджана ў гады ВАВ, гэта знакамітыя сёстры - Героі Савецкага Саюза  і 5 сясцёр Чырвонага Крыжа. І вось Галіна Кулагіна ўзнагароджаная сёлета".

Сёння праца Галіны Кулагінай заключаецца ўжо не ў тым, каб дапамагаць лячыць, зараз яна кіруе медперсаналам. А гэта 250 супрацоўнікаў. Прычым самых розных кірункаў, бо ў гэтай бальніцы засяроджаная самая вялікая база па эндакрыналогіі, а таксама ўсё для душы і цела: гразевыя ванны, азонавыя кропельніцы і нават уколы маладосці. 

Наталля Карловіч, галоўны доктар ДУ "Рэспубліканскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння": "Яшчэ важная катэгорыя пацыентаў, якой мы займаемся, - гэта насельніцтва, пацярпелае ад АЭС. Пацыенты з усёй краіны могуць звяртацца для праходжання комплекснага агляду, удакладнення стану здароўя, праходжання медрэабілітацыі".

У медцэнтры створана цэлае аддзяленне традыцыйнай кітайскай медыцыны. Упадабанае месца для пацыентаў з праблемамі апорна-рухальнай сістэмы. Яе лечаць іголкаўколваннем. А такія "гарэлкі" з палыну дапамагаюць крыві даходзіць да ўсіх органаў. І гэта далёка не ўсе ўнікальныя метады лячэння, якія тут ужываюцца кожны дзень.

Дарэчы, гэта адзіны медыцынскі цэнтр у сталіцы, дзе ёсць свае крыніцы мінеральнай вады. Проста на тэрыторыі. Кожны пацыент можа зайсці сюды, наліць гаючай вады і папіць яе.

Сёння медыцынскую справу Галіны працягваюць яе дачка і пляменніца. А 27 мая ва ўрачыстай атмасферы яны будуць з гонарам сачыць за тым, як іх настаўніцы ўручаць ганаровы медаль - знак падзякі ад кожнага з пацыентаў, які менавіта дзякуючы добрым словам медсястры аднойчы паверыў у свае сілы, аднавіўся пасля цяжкай аперацыі, устаў з бальнічнай койкі і вярнуўся дахаты здаровым.