Майстэрства беларускіх кандытараў упершыню будзе прадстаўлена на Кубку свету ў Люксембургу

16 ноября 2017

Упершыню нацыянальная каманда Беларусі па кандытарскім майстэрстве будзе прадстаўленая ў наступным годзе на Кубку свету ў Люксембургу.

Аб гэтым сёння паведаміла арганізатар міжнародных кандытарскіх конкурсаў у Беларусі Людміла Аўсяннікава падчас Міжнароднага чэмпіянату кандытарскага мастацтва, які прайшоў у рамках выставы "Харчэкспо-2017". За званне лепшых кандытараў змагаліся больш як 70 удзельнікаў. Кожны з іх зрабіў па некалькі арт-прац з шакалада, масцікі, цеста і іншых ядомых кампанентаў. Таму гледачы маглі не толькі паглядзець на іх, але і паспрабаваць. Ацэньвалі суддзі міжнароднага класа з Ісландыі, Польшчы і Украіны.

Марыя Шрамко, суддзя міжнароднага класа спаборніцтваў па кандытарскім мастацтве, Ісландыя:

"Мы павінны тут выкарыстоўваць толькі ядомыя матэрыялы. Чым больш тэхнік, тым больш балаў. Не менш як 4 найменні колераў. 4 афарбоўкі. Сухі фарбавальнік, гель і аэраграфія. Гэтыя працы атрымліваюць залатыя медалі ў 98% з 100".

Пераможцаў выбралі ў 10 намінацыях.