Лепшыя даследаванні беларускіх навукоўцаў экспануюцца ў Музеі сучаснай дзяржаўнасці

1 февраля 2014
Напярэдадні ў сталіцы адкрылася выстава Найноўшыя дасягненні і распрацоўкі Нацыянальнай акадэміі навук. Практычна ўсе з іх ужо ўкаранёныя ў прамысловасць, медыцыну і вытворчасць. Адной з першых выставу ўбачыла Улада Карніцкая.

Гэтая лямпа можа выгадна замяніць усе свяцільні і дома і на вуліцах горада. Яна свеціцца без электрычнасці, а назаўжды згасне не раней чым праз дзесяць гадоў.

Больш за тое, каб святло загарэлася, чалавеку не трэба прыкладаць ніякіх высілкаў.
Лямпа бескантактавага запальвання - толькі адзін з экспанатаў незвычайнай выставы, што адкрылася напярэдадні ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Фарбы, якія знікаюць, тканіна, якая не згарае, і зусім новыя віды раслін - тут дэманструюцца лепшыя праекты Нацыянальнай акадэміі навук за 2013 год.

Толькі тут можна ўбачыць беларускі касмічны апарат дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Гэта яго дакладная копія, паменшаная ўсяго ў 2 разы. Менавіта такі апарат прама зараз з космасу перадае звесткі нашым навукоўцам.

Практычна кожны другі новы праект сёння ствараецца маладымі навукоўцамі альбо з іх удзелам. І ні адзін з сапраўды прарыўных і перспектыўных не застаецца праектам на паперы. Плюс да цікавасці вытворцаў сур'ёзная падтрымка з боку дзяржавы. Чарговае таму пацвярджэнне - распараджэнне Прэзідэнта Беларусі аб прызначэнні стыпендый 94-м аспірантам, якія дабіліся асаблівых поспехаў у навукова-даследчай дзейнасці. У 26-ці з іх нават ёсць патэнты на вынаходкі і карысныя мадэлі. Інакш і быць не можа, бо Беларусь ужо больш чым 10 гадоў у сусветных лідарах па развіцці навукі.

Сяргей Чыжык, намеснік старшыні прэзідыума НАН Беларусі: Каля 600 вынаходак даюць навукоўцы Акадэміі навук. Калі параўнаць, прыкладна столькі ж дае Акадэмія навук Расіі. Наша рэспубліка ў развіцці навуковай сферы знаходзіцца ў пяцідзясятцы краін свету. Гэта для нас, я лічу, ганарова.

Убачыць лепшыя распрацоўкі нашых навукоўцаў зможа кожны, хто жадае. Выстава ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці будзе працаваць яшчэ цэлы месяц.