Холад растопіць любы тлушч

17 июня 2013

Унікальная сістэма пахудзення з'явілася ў сталіцы. З лішнімі кілаграмамі распраўляецца за некалькі працэдур адзін невялікі апарат. Ён уздзейнічае на тлушчавыя клеткі пры пяці градусах марозу.


Ці карыстаецца папулярнасцю гэтая працэдура ў мінчан і якія ёсць супрацьпаказанні, даведалася Наталля Кезік.


Некалькі сантыметраў у абхваце Яўген скінуў лежачы на кушэтцы. Яго непатрэбныя запасы здольны растапіць вось такі апарат. А дакладна не растапіць, а замарозіць і вывесці з арганізма.


Крыамашына пакуль адзіная ў сталічнай індустрыі прыгажосці. Апарат астуджваецца да пяці градусаў марозу. І каб скінуць некалькі лішніх кіло, дастаткова прыкласці маніпулу да неабходнай часткі цела і адпачываць. Халодны вакуумны працэс пакрысе проста разбурыць тлушчавыя клеткі. Пры гэтым усе ўнутраныя органы застануцца непашкоджанымі. З першых дзён цуда-працэдура стала найбольш папулярнай сярод мінчан.


Вось толькі пасля працэдуры спатрэбіцца курс спецыяльных масажаў і выключна збалансаванае харчаванне.


Але, як сцвярджаюць спецыялісты, пахудзець з дапамогай холаду можна праз чатыры-шэсць сеансаў. Імгненнага выніку і стройнай фігуры чакаць не варта.


У крыапахудзенні ёсць і супрацьпаказанні. Халадовая працэдура забаронена цяжарным жанчынам, людзям з цукровым дыябетам, халадовай алергіяй і захворваннямі печані. І нягледзячы на халаднаватыя адчуванні падчас працэдуры пацыенты запісалі яе ў спіс прыемных.


Урачы згаджаюцца: пахудзець з дапамогай холаду без шкоды для здароўя можна. Але на гэта спатрэбяцца час, грошы і вытрымка. І як альтэрнатыву пахудзенню з дапамогай апарата заўсёды пакідаюць актыўныя заняткі спортам. У спартыўнай зале альбо на свежым паветры.