Фестываль бяспечнага дзяцінства прайшоў у Смалявіцкім раёне

31 июля 2017

У фармаце open-air – гульнявыя пляцоўкі, конкурсы і віктарыны для дзяцей усіх узростаў. Так, удзельнікі маглі паспаборнічаць у хуткасці апранання спецыяльнай экіпіроўкі, прайсці праз дымавы пакой і ўбачыць воднае шоу. А галоўнае, яшчэ раз паўтарыць правілы бяспекі ў надзвычайных сітуацыях. Пазнавальны фэст ладзілі ў рамках акцыі МНС "Ганарымся, што навучылі".

Аляксандра Кавеліч наведала свята. Гул сірэн, пажарныя разлікі, і гэта не надзвычайная сітуацыя, наадварот, бераг Дуброўскага вадасховішча на час ператварыўся ў «бяспечны горад». На карысную экскурсію прыехалі больш як 2 тысячы чалавек, сярод іх і сям'я Лаўцэвічаў.

Фестываль бяспечнага дзяцінства ў Мінскай вобласці ладзяць упершыню. У фармаце open-air – гульнявыя зоны, конкурсы і віктарыны. Ратавальнікі даюць слушныя парады, як паводзіць сябе ў экстранных выпадках.

Пазнаёміцца з прафесіяй ратавальніка тут можна, як кажуць, знутры. Напрыклад, у спецыяльнай экіпіроўцы прайсці праз дымавы пакой. У такіх складаных умовах пажарныя працуюць кожны дзень, а для гасцей мерапрыемства гэта стала своеасаблівым атракцыёнам.

А тут можна ўбачыць, як пакараюць водную стыхію, і разам з ратавальнікамі паназіраць за бяспекай на вадасховішчы. Падчас такой пазнавальнай прагулкі можна даведацца пра асаблівасці працы на вадзе і нават вывучыць ратавальныя прыёмы.

Дарэчы, прымераць на сябе ролю ратавальнікаў змаглі не толькі маленькія ўдзельнікі фестывалю, але і іх бацькі – бяспечныя заданні выконвалі сем'ямі.

Такі фестываль пад адкрытым небам плануюць праводзіць кожнае лета. А на працягу вучэбнага года пазнавальныя заняткі і майстар-класы па бяспецы будуць ладзіць у навучальных установах.