Эксперыментальны праект запусцілі ў Гомельскай вобласці

9 февраля 2014

Мазырскі дзіцячы дом пасля рэканструкцыі ператварылі ў дзіцячы гарадок сямейнага тыпу. Пакуль гэта пяць кватэр, у якіх жывуць 50 дзяцей разам з прыёмнымі бацькамі. Але самае галоўнае, тут падтрымліваюць сірот, якія ўжо выраслі і паступілі ў ВНУ і каледжы.


Падрабязней - Вольга Халадовіч.


Яны з непрыхаваным задавальненнем паказваюць свае кватэры. У кожнай жыве 10 дзяцей, з імі заўсёды знаходзіцца выхавальнік і памочнік. Пакуль адны займаюцца прыбіраннем, іншыя гатуюць вячэру. Дзеці не проста дапамагаюць дарослым, яны вучацца самастойнасці.


Зараз у Мазырскім доме для дзяцей пражываюць прыкладна паўсотні выхаванцаў. Усе яны - сацыяльныя сіроты. Хтосьці наогул ніколі не бачыў сваіх бацькоў, а ў кагосьці мама і тата пазбаўленыя бацькоўскіх правоў.


На эксперымент у Мазыры пайшлі некалькі месяцаў таму. Дзякуючы гэтаму дзеці знаходзяцца ў хатніх умовах да свайго паўналецця.


Тут у кожнага свой пакой. У малых - на дваіх, у дзяцей старэйшых - свая асабістая прастора.


А гэта ўжо пакой самай дарослай дзяўчынкі ў сям'і - Насці. Яна зараз на занятках у школе. Тут ужо ўсё па-даросламу. Парфума, шкатулачкі з памадай. Расклад заняткаў. І фатаграфія самага роднага чалавека на зямлі - мамы.


Каб рэканструяваць дзіцячы дом, спатрэбілася прыкладна тры мільярды рублёў. Дапамагалі спонсары. У дзвюх кватэрах ужо адсвяткавалі наваселле, у трэцяй вось-вось збіраюцца. На чарзе яшчэ дзве. Пра такі падарунак да юбілею тут мараць. Сёлета дзіцячаму дому спаўняецца 70 гадоў.


Прыбіранне, гатаванне, працэдуры, саўна: кожны дзень у выхаванцаў дзіцячага дома распісаны па хвілінах. У выхадныя яны ходзяць у сваю хатнюю царкву. Тут праходзіць хрышчэнне, адзначаюць святы. Абавязковая рэлаксацыя - зносіны з жывымі гадаванцамі, чарапахамі Дашай і Машай.


Яны хоць і завуць сваіх выхавальнікаў па імі і імі па бацьку, але любяць іх, як родных. Мабыць, уся справа ў хатняй утульнасці і ў стаўленні. Хоць пад сакрэтам дзеці прызнаюцца, што кожны з іх чакае сваіх маму і тату.