Дыплом аб заканчэнні ВНУ, а разам з ім і ... прафесію!

30 июня 2015

Выпускнікі сталічных вышэйшых навучальных устаноў краіны  сёння атрымалі пасведчанне аб сваіх ведах. Новае пакаленне спецыялістаў дае абяцанне апраўдаць давер сваіх універсітэтаў і акадэмій. На ўрачыстым уручэнні дыпломаў пабывала наш карэспандэнт Ларыса Гулякевіч.

 

Беларускія студэнты ВНУ сёння атрымліваюць дыплом. Пацвярджэнне і аванс прафесіяналізму і самастойнасці. Гонар студэнтаў, гонар бацькоў, гонар выкладчыкаў.

Новае пакаленне дыпламаваных журналістаў, эканамістаў, прававедаў і іншых спецыялістаў выходзіць са сценаў сваіх альма-матар. Яны набылі свае веды ў ВНУ Беларусі. І краіна разлічвае на іх.

Сёлета больш за дзве з паловай сотні кадраў для СМІ падрыхтаваў Інстытут журналістыкі БДУ. Амаль пятую частку з іх складаюць замежныя студэнты. Інстытут журналістыкі БДУ сёлета адзначыў сваё сямідзесяцігоддзе, ён з’яўляецца найстарэйшай кузняй кадраў для сродкаў масавай інфармацыі на постсавецкай прасторы. Запаветнае пасведчанне аб вышэйшай адукацыі атрымалі і нашы калегі-журналісты.

Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь выпусціла больш за 300 студэнтаў, якія з гэтага дня ўжо лічацца маладымі спецыялістамі.

Сёння ўсё толькі пачынаецца. Наперадзе апрацоўка набытых ведаў і ўдасканаленне прафесійнага майстэрства.