Опера "Царская нявеста" вяртаецца на сцэну абноўленай

17 марта 2015

З гэтага спектакля пачыналася пасляваенная гісторыя Вялікага тэатра Беларусі. Опера "Царская нявеста" радавала нашу публіку больш за 60 гадоў і сёння вяртаецца на сцэну абноўленай. Прэм'ера - ужо 25 сакавіка, а пакуль трупа актыўна рэпеціруе, а мастакі заканчваюць працу над касцюмамі.

Як выглядае ўбор аднаго з галоўных герояў - Івана Грознага - убачыла мой калега Іна Пілевіч.

Для выхаду на сцэну баярскаму адзенню прыйшлося значна "пахудзець". Скінулі вагу з традыцыйных 30-ці да 3-х кілаграмаў. Усё для таго, каб артысты літаральна "не спякліся" падчас выступлення. Хоць у сусветнай культуры баяры ўяўляюцца даволі поўнымі персанажамі. Што ўжо гаварыць аб спеваках. Усяго ж каля 350 касцюмаў стылізаваных пад эпоху Русі 16 стагоддзя ствараецца ў швейных цэхах Вялікага тэатра спецыяльна для прэм'еры оперы "Царская нявеста".

Сам Іван Грозны з'явіцца на сцэне ў двух уборах - манаскім і больш для нас звыклым - царскім. Для апошняга ўручную афарбоўвалі жакардавую тканіну, якую неўзабаве разшыюць сапраўдным жэмчугам.

Пры зацвярджэнні на партыі ўлічваўся не толькі вакал, але і пластычныя даныя. Кантралюе кожны рух трупы галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Міхаіл Панджавідзэ. У яго біяграфіі гэта ўжо другая "Царская нявеста" - 6 гадоў назад паставіў аднайменны спектакль у Екацерынбургскім тэатры.

Таццяна Гаўрылава, салістка Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі: "У кожным персанажы свая пластыка. І яе трэба напрацаваць. Да яе трэба прывыкнуць, яе трэба знайсці. Для гэтага ўсяго трэба час, вопыт і праца".

У 19 стагоддзі Рымскі-Корсакаў за аснову оперы ўзяў драму, заснаваную на рэальных падзеях. На сцэне разгортваюцца інтрыгі з жахлівым запалам. Паводле сюжэта, адна з жонак Івана Грознага, Марфа, памірае праз два тыдні пасля вяселля.

Опера аб рускай гісторыі ўвайшла ў рэпертуар шматлікіх музычных тэатраў свету.

У новай "Царскай нявесце" не будзе гістарычных памылак. Да прыкладу, у пастаноўках шматлікіх тэатраў прысутнічае баярскае чаяванне, хоць гэты напой прыйшоў на рускія землі намнога пазней. Таму ў прэм'ерным спектаклі героі аддадуць перавагу квасу з мёдам.

У беларускай пастаноўцы замест 4-х актаў дадуць два. Пакуль трупа рыхтуецца да прэм'еры ў рэпетыцыйных класах, але ўжо на наступным тыдні артысты прагоняць спектакль на вялікай сцэне.