Ратавальнікі нагадваюць аб правілах бяспекі падчас Новага года

6 декабря 2017

Горад  у прадчуванні  Новага года. А вось, каб свята не ператварылася ў трагедыю, ратавальнікі нагадваюць аб правілах бяспекі.

Штогод спецыялісты фіксуюць выпадкі надзвычайных здарэнняў і траўмаў падчас выкарыстання петард і феерверкаў. Як засцерагчы сябе ад непрыемных наступстваў? Ведае Антаніна Станкевіч.

12-гадовы Улад ледзьве хавае слёзы, калі ўспамінае гэтую непрыемную гісторыю. Зараз рука ўжо не баліць, хутчэй, проста непрыемна. Усе пачалося з петарды, якую разам з сябрам набылі праз Інтэрнэт. Хлапчуковая цікаўнасць адразу ж патрабавала зрабіць піратэхнічны эксперымент. Некалькі петард шумна ўзарваліся, а вось апошнюю, з кароткім кнотам, Улад выкінуць не паспеў. У выніку траўма рукі.

Траўма аказалася даволі сур'ёзнай. Хлопчыка з Вілейскага раёна адправілі ў дзіцячую бальніцу ў Маладзечна. Загадчык аддзялення Алег Кальчанка сумна канстатуе: з такімі траўмамі ўрачы, на жаль, добра знаёмыя. Часцей за ўсё ад выбуху піратэхнікі пакутуюць рукі і вочы.

Урачы кажуць: колькасць такіх выпадкаў расце якраз пад Новы год. Напярэдадні свята людзі масава набываюць фейерверкі, хлапушкі і петарды. Нярэдка з рук. Аднак жаданне зэканоміць часам прыводзіць да трагедый.

Толькі ў гэтую бальніцу штогод трапляюць тры-чатыры чалавекі з так званымі выбуховымі траўмамі. Для амаль што статысячнага Маладзечна, здавалася б, няшмат. Аднак наступствы могуць быць вельмі сур'ёзнымі.

Зараз Улад рыхтуецца да выпіскі. Урачы задаволеныя - рука зажывае добра. За хлопчыкам паназіраюць яшчэ некалькі дзён, пасля чаго адпусцяць дадому, як раз напярэдадні дня нараджэння. Аднак гэта свята, хутчэй за ўсе, абыдзецца без піратэхнікі.